BE RU EN

Працягваюцца акцыі салідарнасці ля Чырвонага касцёла

  • 6.04.2011, 11:32

За акцыямі каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці ў Мінску штодзённа назіраюць супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Нягледзячы на гэта кожны вечар ускласці кветкі, запаліць свечкі і разгарнуць партрэты вязняў турмы КДБ прыходзяць дзесяткі неабыякавых людзей, паведамляе Радыё Рацыя.

Родныя арыштаваных звычайна ўдзельнічаюць у мерапрыемстве разгарнуўшы бел-чырвона-белыя шалікі і парасоны, спяваюць рэлігійныя гімны. Да акцыі часцяком далучаюцца і выпадковыя наведнікі плошчы ды гандлёвага цэнтра “Сталіца”.

Па словах адказнага сакратара аргкамітэту Партыі БХД Дзяніса Садоўскага, удзел у акцыі салідарнасці для многіх людзей стаў ужо абавязковай традыцыяй.

- Акцыі салідарнасці адбываюцца штодня. Праводзяцца малітвы. Удзельнічаюць у іх каля 40 чалавек: гэта як родныя палітвязняў, так і простыя людзі салідарныя з тымі, хто церпіць пераслед у турмах. Таксама да акцыі далучылася малітоўная касцёльная група, якая моліцца за касцёл св. Язэпа, яны прымаюць удзел і ў малітвах салідарнасці ля Чырвонага касцёла.

Першае падобнае мерапрыемства адбылося ў Мінску 19 студзеня – праз месяц пасля разгону Плошчы. На пачатку супрацоўнікі міліцыі ставіліся да актывістаў вельмі нервова, а адзін з іх - Валер Сядоў – адбыў нават адміністрацыйны арышт за тое, што публічна разгарнуў партрэт Мікалая Статкевіча.

Апошнія навіны