Для непаўнагадовых увядуць «каменданцкую гадзіну»
- 31.05.2011, 17:59
У Беларусі падрыхтаваны законапраект, які забараняе непаўнагадовым знаходзіцца ў грамадскіх месцах у начны час без суправаджэння.
Законапраект ініцыяваны Генпракуратурай сумесна з МУС. У цяперашні час ён прайшоў узгадненне ва ўсіх зацікаўленых і знаходзіцца ў Саўміне, паведамляе «Ежедневник».
У адпаведнасці з дакументам, падлеткам да 14 гадоў забаронена знаходзіцца ў грамадскіх месцах з 22.00 да 6.00, 14-16 гадоў - з 23.00 да 6.00 без суправаджэння бацькоў альбо асоб, якія іх замяняюць: апекуноў, папячыцеляў. За парушэнне забароны прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.
Намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Аляксандр Сараковік адзначыў, што з уступленнем закона ў сілу ў кожным выпадку правапарушэння плануецца прымяняць індывідуальны падыход. «Гэта значыць не кожнага падлетка будуць затрымліваць, прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці: недзе падлетак вяртаецца з курсаў, з культурна-масавых мерапрыемстваў», - сказаў прадстаўнік МУС «Ежедневнику».