Рыжоў быў прымусова дастаўлены са шпіталя ў пракуратуру
- 17.06.2011, 16:20
З гэтай нагоды былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах, жыхар Віцебска Сяргей Рыжоў падаў скаргу на імя генпракурора
Згодна скарзе, пададзенай Рыжовым ў пракуратуру, яго ўчора схапілі адразу пасля прыёму ў лекара. Як сцвярджае Рыжоў, супраць волі яго ўпіхнулі ў машыну і даставілі ў пракуратуру для дачы тлумачэнняў, паведамляе «Еўрарадыё».
«Я абураны як самімі абставінамі майго гвалтоўнага прывозу ў пракуратуру», - піша ў скарзе Рыжоў, - «так і бяздзейнасцю па факце маёй скаргі на іхнія неправамерныя дзеянні».
«Больш за тое, гвалтоўнае затрыманне, якое праводзілася супрацоўнікамі ўнутраных справаў, для мяне абразлівае і яно адбывалася на вачох грамадзянаў, якія мяне асабіста добра ведаюць. Мае законныя правы, якія рэгламентуюцца і міжнародным заканадаўствам, былі груба парушаныя», - гаворыцца ў скарзе.
На думку Рыжова, мэтай прымусовага дастаўлення яго ў пракуратуру з'яўляецца аказанне псіхалагічнага ціску, «які не спыняецца ўжо больш за палову года».
Нагадаем, за дзень да затрымання Рыжоў праз Інтэрнэт звярнуўся да беларусаў з прапановай пачаць страйк 3 ліпеня. Мэта страйку - адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў і правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў.