BE RU EN

Лойка: Сярод фігурантаў «справы 19 снежня» няма агентаў спецслужбаў

  • 15.08.2011, 17:11

Памілаваны ўдзельнік справы аб масавых беспарадках Уладзімір Хамічэнка не з'яўляецца агентам спецслужбаў.

Пра гэта 15 жніўня заявіла «Тэлеграфу» прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» Анастасія Лойка. На ейную думку, падазраваць маладога чалавека, празванага «навушнікам», у правакацыях 19 снежня каля Дома ўрада ў Менску безпадстаўна.

«Зразумела, што ў той вечар на плошчы людзі разгубіліся, паддаліся настрою натоўпу і іхнія дзеянні маглі быць не зусім адэкватнымі. Так, выказваліся здагадкі, што Уладзімір Хамічэнка можа працаваць на спецслужбы. Але маё асабістае меркаванне - ні ён, ні Алег Федаркевіч, ні Віталь Мацукевіч, ні іншыя фігуранты гэтай крымінальнай справы ніякім чынам з беларускімі спецслужбамі не звязаныя», - сказала яна.

Раней міністэрства ўнутраных справаў абвергла інфармацыю аб тым, што Алег Федаркевіч і Уладзімір Хамічэнка з'яўляюцца спецагентамі ведамства.

Дзеянні Уладзіміра Хамічэнкі на плошчы 19 снежня Анастасія Лойка звязвае толькі з праблемамі псіхікі. Так, малады чалавек, знаходзячыся на прыступках Дома ўрада, «гаварыў сабе ў рукаў».

«Што тычыцца непасрэдна Хамічэнкі, то паверце, у яго вельмі нялёгкі лёс. У гэтага маладога чалавека праблемы з псіхікай, ёсць даведка. І, акрамя таго, ён праходзіў прымусовае лекаванне ад алкагалізму. Ён не можа цалкам кантраляваць свае дзеянні», - патлумачыла юрыстка.

Шарстоў і Гусельцаў - да гэтага часу падазраваныя, Барановіч – абвінавачаны

Яна таксама праінфармавала аб тым, што Аляксей Шарстоў і Дзяніс Гусельцаў, якіх разам з Віталём Мацукевічам КДБ назваў «найбольш актыўнымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў», да гэтага часу знаходзяцца ў статусе падазраваных.

«Пасля затрымання 21 сакавіка яны трое сутак знаходзіліся ў СІЗА КДБ, пасля чаго іх вызвалілі ў статусе падазраваных. Гэта актыўныя маладыя людзі, якія не належаць да якіх-небудзь партый», - распавяла супрацоўніца «Вясны».

Пав ейных словах, інфармацыя аб вызваленні Шарстова і Гусельцава не была распаўсюджаная ў СМІ, бо маладыя людзі намагаліся не прыцягваць да сябе ўвагі.

«У першыя дні пасля вызвалення за імі сачылі, яны былі, вядома ж, вельмі напалоханыя, а таму не рабілі нейкіх гучных заяваў для прэсы. Акрамя таго, нам наогул было цяжка здабываць інфармацыю аб шматлікіх фігурантах справы - яна часта паступала толькі ад іхніх сваякоў, бо на сайтах афіцыйных дзяржорганаў не паведамлялася, каго і калі вызвалілі», - дадала Анастасія Лойка.

Акрамя таго, праваабаронца паведаміла, што абвінавачаны ў масавых беспарадках Святаслаў Барановіч ў дадзены момант працягвае знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Апошнія навіны