BE RU EN

Лукашэнка закрыў справу супраць экс-кіраўніка гродзенскай міліцыі

  • 5.08.2011, 10:10

Дыктатар вызваліў ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з вяртаннем шкоды былога начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Генадзя Хацько.

Усю арыштаваную маёмасць вярнулі ўладальніку. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў пракурор Гродзенскай вобласці Віктар Марозаў.

Генадзь Хацько ў якасці кампенсацыі шкоды выплаціў каля 30 млн рублёў (6 тыс. даляраў), перадае «Телеграф» са спасылкай на «Гродзенская праўду».

Генадзь Хацько, які знаходзіўся ў вышуку з лютага 2010 года, 5 лістапада 2010 г. сам з'явіўся ў пракуратуру. Увесь гэты час генерал-маёр, абвінавачаны ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, хаваўся ў Расеі.

У пачатку лістапада 2009 года Генадзя Хацько ўказам Лукашэнкі вызвалілі ад пасады начальніка УУС і звольнілі з органаў унутраных справаў. У лютым 2010 года Генеральная пракуратура Беларусі распачала ў дачыненні да яго крымінальную справу па ч. 1 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) у сувязі з незаконным будаўніцтвам катэджа Генадзя Хацько. Справа была перададзеная для расследавання ў пракуратуру Гродзенскай вобласці.

Апошнія навіны