Ірыне Халіп прызначылі ўмовы адбывання пакарання
- 5.08.2011, 18:38
Журналістка «Новой газеты», жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Халіп стала на ўлік у міліцыі.
Там будуць кантраляваць, як яна адбывае прызначанае судом пакаранне - 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Ірына распавяла аб умовах адбывання пакарання, паведамляе радыё «Свабода».
«Кожны дзень я павінная а дзясятай вечара быць дома і раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, што нікуды не з’ехала. Пасля дзясятай вечара ў любы момант да мяне могуць прыйсці міліцыянты і праверыць, ці выконваю я гэтае правіла. Ездзіць па Беларусі мне не забаронена, але і правіла быць кожны дзень дома ў дзесяць вечара не адмяняецца. Нават на лецішчы з сынам мне пераночыць нельга. А калі я паеду да мужа ў калонію на трохдзённае спатканне, мне выдадуць спецыяльную маршрутную мапу, якую адзначаць у калоніі. Вось такія ўмовы. У працы не абмяжоўваюць, але ў Маскву да працадаўца ездзіць па сваёй волі нельга».
Ірына Халіп была асуджаная Заводскім судом Менска за ўдзел у масавай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Прысуд вынесла суддзя Жана Брысіна.