Бензін зноў даражэе
- 13.09.2011, 18:49
У чарговы раз рознічныя кошты на нафтапрадукты падвышаюцца 14 верасня ў сярэднім на 3%.
Як паведаміла БелаПАН крыніца ў нафтахімічнай галіне, кошт бензіну Аі-92 складзе 4.590 рублёў за літр (было 4.460; рост на 2,9%), Аі-95 - 4.950 (4.800; 3,1%), дызельнага паліва - 4.860 (4.720; +3%).
Гэтую ж інфармацыю пацвярджаюць аператары АЗС са спасылкай на загад канцэрна «Белнафтахім».
Гэта ўжо сёмае з пачатку гэтага года падаражэнне паліва. Кошты на паліва падвышаліся 3 сакавіка (у сярэднім на 5%), 31 сакавіка (на 10%), 24 мая (на 20%), 7 чэрвеня (на 30%), 21 ліпеня (на 3%) і 20 жніўня (на 3%).
9 чэрвеня кошты былі паніжаныя на 13-22% па патрабаванні Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбылося пасля масавай акцыі пратэсту менскіх аўтамабілістаў «Стоп-бензін», якая адбылася 7 чэрвеня і мела шырокі грамадскі рэзананс.