Паміж Варшавай і Менскам новы скандал
- 19.09.2011, 17:24
Прапагандысты Беларускага тэлебачання абылгалі ўлады суседняй Польшчы.
Правы беларускіх нацменшасцяў ў Польшчы не ўшчамляюцца, заявіў польскі амбасадар у Беларусі Лешэк Шарэпка 19 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Дыпламат патлумачыў, што сённяшняя прэс-канферэнцыя была скліканая з-за сюжэту, які быў паказаны 18 верасня ў праграме «У цэнтры ўвагі» па Першым канале Беларускага тэлебачання.
У дадзеным сюжэце была закранутая тэма беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і лёсу беларускага культурнага цэнтра, які плануецца перанесці з Беластока ў Варшаву, перадае БелаПАН.
«Звычайна мы не спрабуем каментаваць сюжэты БТ, але тое, што было ўчора, выйшла за межы прыстойнасці, таму што была закранутая тэма нацыянальных меншасцяў. А гэта вельмі адчувальная тэма, і тут трэба быць вельмі карэктным», - сказаў Шарэпка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь і Польшча правялі шэраг кансультацый па пытанні статусу і далейшага лёсу Польскага інстытута ў Менску і беларускага культурнага цэнтра ў Польшчы. Па ягоных словах, ужо распрацаваны праект пагаднення па гэтым пытанні, якое, як спадзяецца амбасадар, можа быць падпісанае да канца года.
«Што ж тычыцца падтрымкі нацыянальнай меншасці, то калі я параўноўваю ўмовы дапамогі польскай меншасці тут і беларускай у Польшчы, то магу сказаць, што мы робім значна больш», - сказаў ён.
Шарэпка адзначыў, што польскі бок не будзе дамагацца абвяржэння ўчорашняга сюжэту. «У нас ужо маецца негатыўны досвед у падобных справах, таму для данясення сваёй пазіцыі мы вырашылі правесці гэтую прэс-канферэнцыю, а не спрабаваць дамагчыся абвяржэння», - заявіў амбасадар.