BE RU EN

Макей распусціў «кішэнны» ГКС

  • 23.09.2011, 11:27

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Макей распусціў Грамадска-кансультатыўны савет.

«Мы атрымалі дэпешу ад Уладзіміра Макея, які старшыняваў у Грамадска-кансультатыўным савеце пры адміністрацыі прэзідэнта, у якой ён нам паведамляе аб сваім рашэнні спыніць дзейнасць ГКС», - заявіла крыніца «Інтэрфакс-Захад».

«Кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі патлумачыў сваё рашэнне тым, што праца ГКС не можа быць насамрэч плённай ў атмасферы абвінавачванняў у тым, што гэтая структура цалкам падкантрольная ўладам, і сябры савета - прызначэнцы адміністрацыі», - распавёў ён.

У сваім лісце У. Макей адзначае, што «ўдзельнікі дзейнасці ГКС падвяргаюцца незаслужанаму шэльмаванню з боку знешніх і ўнутраных апанентаў шчырага дыялогу». Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта перакананы, што ў сітуацыі, якая склалася «дзейнасць ГКС наносіла б шкоду рэпутацыі кожнага з ягоных сябраў, вяла да расколу грамадзянскай супольнасці краіны». Ён мяркуе, што ўлада не павінная «даваць падставаў для рознага кшталту плётак і абвінавачванняў у няшчырасці паводзінаў».

У. Макей выказаў сваю падзяку сябрам ГКС за досыць плённае, на ягоны погляд, супрацоўніцтва за мінулы перыяд. «Перакананы, што вашыя асабістыя досвед і накіраванасць на канструктыўныя справы спатрэбяцца ў будучыні ў кантэксце ідэі вялікага дыялогу, аб якім было абвешчана кіраўніцтвам краіны», рэзюмаваў ён.

Апошнія навіны