BE RU EN

Беларускае пытанне зноў на парадку дня Еўрапарламента

  • 10.01.2012, 11:17

У чацвер 12 студзеня на парадку дня будуць стаяць адносіны з Турцыяй, Сербіяй і Беларуссю.

Прадстаўнікі парламенцкага Камітэта па замежных справах заслухаюць даклад дэлегацыі па сувязях з Беларуссю і абмяркуюць падыходы ЕЗ у дачыненні да гэтай краіны пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010, перадае «Радыё Свабода».

Па папярэдніх адзнаках еўрапейскіх парламентарыяў, леташняя беларуская палітыка Брусэля была беспаспяховай, а рэпрэсіі рэжыму ў адносінах да ягоных апанентаў толькі ўзмацніліся.

У ходзе леташняй дыскусіі па Беларусі еўрапарламентарыі пад старшынствам Ежы Бузэка ў сваёй заяве у сувязі з разгонам мірных дэманстрацый у Менску і рэпрэсіямі беларускага рэжыму ў дачыненні да сваіх апанентаў выставілі шэраг патрабаванняў да кіраўніцтва ЕЗ адносна ягонай беларускай палітыкі. Сярод іх:

Увядзенне візавых і эканамічных санкцый у дачыненні да адказных беларускіх чыноўнікаў;

Узмацненне фінансавай падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і НДА;

Павелічэнне фінансавай дапамогі і стыпендый беларускім студэнтам, выключаным з унівэрсытэтаў за ўдзел у мірных пратэстах;

Зніжэнне візавых збораў для беларускіх грамадзянаў і нават іх адмена для студэнтаў, навукоўцаў і людзей мастацтва.

Таксама ў заяве адзначалася, што кіраўніцтва ЕЗ павіннае ўсяляк дамагацца ад афіцыйнага Менска безумоўнага і неадкладнага вызвалення палітвязняў.

Сайт Еўрапарламента паведамляе, што на будучым тыдні падчас першай пленарнай сесіі еўрапарламентарыі павінныя абраць новага прэзідэнта і 14 віцэ-прэзідэнтаў, абмеркаваць эканамічную палітыку ЕЗ ва ўмовах крызісу, а таксама сітуацыю, звязаную з інтэрнэт-злачынствамі.

Апошнія навіны