Моладзевы тэатр пабудаваны на костках (Фота, відэа)
- 10.01.2012, 11:38
У ходзе прац па рэканструкцыі Моладзевага тэатра будаўнікі закранулі частку пахаванняў Старажоўскіх могілак, якія разам з Кальварыйскімі лічыцца самым старым некропалем Менска.
Будаўнічыя працы вядуцца па замове Міністэрства культуры. Напярэдадні праваслаўных Калядаў гісторыкі знайшлі на будоўлі рэшткі пахаванняў: чалавечыя чэрапы, косці. Дакладны лёс знаходак невядомы, аднак верагодна, што зямлю з косткамі проста вывезлі на «падсыпку» на іншы будаўнічы аб'ект.
«Гэта тэрыторыя Пярэспінскіх, або Старажоўскіх могілак, хавалі тут праваслаўных. Першыя магілы датуюцца 1795 годам. Апошнія пахаванні былі зробленыя адразу пасля вызвалення Менска ад немцаў падчас Другой сусветнай вайны. Неўзабаве могілкі разбурылі і пабудавалі кінатэатр «Спартак». Частка пахаванняў была знішчаная пазней падчас будаўніцтва новай дарогі, якая разрэзала гару Пярэспа на 2 часткі, іх проста вывезлі на сметнік. Цяпер Міністэрства культуры праводзіць рэканструкцыю будынка Моладзевага тэатра. У выніку пашырэння новы тэатр стане на костках», - сказаў «Радыё Свабода» гісторык Уладзімір Дзянісаў.