BE RU EN

Адстаўку Сямашкі пацвердзілі

  • 13.01.2012, 12:08

Сам старшыня праўладнага Саюза палякаў адмаўляецца размаўляць з журналістамі.

Ягоны намеснік, Мечыслаў Лысы, патлумачыў, што Сямашка папрасіў адстаўкі па сямейных абставінах. Да таго ж Станіслаў Сямашка выказаў жаданне больш займацца сваім бізнесам, а весці адразу дзве справы ў яго не атрымліваецца, перадае «Радыё Свабода».

Заяву аб адстаўцы Сямашка падаў на паседжанні Галоўнага савета арганізацыі ў мінулую пятніцу. Вядома, што заўтра адбудзецца чарговае паседжанне Савета, на якім ягоную заяву і разгледзяць.

Мечыслаў Лысы патлумачыў, што згодна са статутам арганізацыі выконваць абавязкі старшыні Саюза палякаў да правядзення з'езда павінен адзін з намеснікаў старшыні. Зараз іх два - Мечыслаў Лысы і Віктар Богдан.

У суботу, 14 студзеня, на паседжанні Галоўнага савета гэтае пытанне вырашыцца. Заўтра ж, па словах Лысага, Галоўны савет прыме рашэнне аб даце правядзення з'езда Саюза палякаў. Лысы не выключыў, што гэты з'езд можа быць пазачарговым.

У Беларусі з 2005 года існуюць два Саюзы палякаў. Пасля таго як беларускія ўлады не прызналі з'езд арганізацыі, на якім старшынёй была абраная Анжаліка Борыс, быў праведзены паўторны з'езд. Старшынём СПБ на ім быў абраны Юзэф Лучнік, якога, у сваю чаргу, не прызналі польскія ўлады. Анжаліку Борыс з тых часоў змяніла на пасадзе Анжаліка Арэхва, а Лучніка - Станіслаў Сямашка.

Апошнія навіны