BE RU EN

Маці і жонка Саннікава спадзяюцца заўтра атрымаць з ім спатканне

  • 23.01.2012, 15:28

24 студзеня у кандыдата ў прэзідэнты Беларусі запланаванае кароткатэрміновае спатканне са сваякамі.

Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы Андрэя Саннікава з адвакатам 20 студзеня, якая адбылася ўпершыню пасля амаль трох месяцаў поўнай ізаляцыі палітыка ў віцебскай калоніі «Віцьба-3», паведамляе БелаПАН.

Маці Саннікава і ягоная жонка, Ірына Халіп, у аўторак паедуць у калонію, аднак ці дадуць ім спатканне, дакладна невядома. «Мы пакуль пра гэта не ведаем, даведаемся, прыехаўшы на месца, усё залежыць ад кіраўніцтва калоніі», - сказала Ірына Халіп. Па ейных словах, згодна з парадкам калоніі, спатканне можа праходзіць адразу з двума сваякамі.

Халіп таксама паведаміла, што 21 студзеня атрымала кароткі ліст ад Саннікава. Ён піша аб сваім пераводзе з памяшкання камернага тыпу ў сёмы атрад і ў сувязі з гэтым выказвае надзею на тое, што перашкод для ягоных спатканняў з адвакатамі і сваякамі цяпер быць не павінна.

На сустрэчы з адвакатам 20 студзеня асуджаны палітык заявіў, што ў яго ўсё нармальна і ніякіх скаргаў няма.

Нагадаем, 14 мая суд Партызанскага раёна Менска прысудзіў Андрэя Саннікава да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, ён прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне палітык павінен быў у выпраўленчай калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), куды быў этапаваны ў канцы ліпеня, аднак праз два месяцы яго, без тлумачэння прычын, перавялі ў бабруйскую калонію № 2. У лістападзе палітыка зноў этапавалі, але куды менавіта - доўгі час не ведалі ні сваякі Саннікава, ні ягоныя адвакаты.

Апошнія навіны