Эмануэліс Зінгерыс: Рашэнне па Беларусі - у Гаазе
- 23.01.2012, 22:49
Літоўскі дэпутат лічыць, што неабходна пачаць судовы пераслед тых, хто парушае правы чалавека ў Беларусі.
Падчас дыскусіі па беларускім пытанні, якая праходзіла сёння ў паліткамітэце ПАРЕ, кіраўнік камітэта па міжнародных справах літоўскага сейма Эмануэліс Зінгерыс прапанаваў шукаць рашэнне гэтага пытання ў Гаазе, піша «Народная Воля».
І ў гэтай сувязі нагадаў, што на парадку дня застаецца праблема выкрадзеных і забітых апанентаў беларускага рэжыму - злачынствы, якія да гэтага часу не расследаваныя.
Эмануэліс Зінгерыс ад імя Літвы прынёс выбачэнні за тое, што адбылося з праваабаронцам Алесем Бяляцкім, які быў асуджаны беларускім судом на падставе дакументаў, выдадзеных літоўскім і польскімі бакамі па запыце беларускіх праваахоўных органаў. «Гэта поспех беларускіх спецслужб і нашая параза», - сказаў Эмануэліс Зінгерыс.
На сённяшніх слуханнях у Страсбургу прысутнічалі лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, лідэр руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч і маці асуджанага да смяротнага пакарання Уладзіслава Кавалёва - Любоў Кавалёва.
Галасаванне па праекце рэзалюцыі па беларускім пытанні адбудзецца ў Страсбургу 25 студзеня.