BE RU EN

Усе ўдзельнікі бойкі на Ждановічах застаюцца ў ІЧУ

  • 22.10.2012, 10:19

Усе 43 затрыманых падчас бойкі, у якой удзельнічалі расейскія цыганы і выхадцы з Каўказу, знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у панядзелак у праваахоўных органах.

«Ніхто з затрыманых падчас бойкі, якая адбылася ў мінулую суботу на рынку, не адпушчаны. Усе 43 чалавекі знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання», - паведамілі ў праваахоўных органах.

«Крымінальная справа яшчэ не ўзбуджаная. Даецца прававая ацэнка дзеянням затрыманых, ідзе збор інфармацыі па дадзеным інцыдэнце. Вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы», - паведамілі суразмоўцы агенцтва.

Нагадаем, у мінулую суботу бойку на адной з гандлёвых кропак ГД «Ждановічы», па сведчаннях відавочцы, учынілі цыганы (грамадзяне Расеі) і каўказцы, якія не сышліся ў кошце падчас заключэння здзелкі па продажы тэлефона.

Лакальная лаянка ператварылася ў масавую бойку пасля таго, як кожны з бакоў запрасіў сваякоў і знаёмых. Адзін з яе ўдзельнікаў выхапіў траўматычны пісталет і пачаў страляць у натоўп. Ад куль пацярпелі тры чалавекі. Мужчыну, які пачаў стральбу, моцна збілі. Усе чацвёра (уключаючы стралка - ІФ) дастаўлены ў шпіталь.

Удзельнікі бойкі былі дастаўлены ў РУУС Цэнтральнага раёну Менска.

Апошнія навіны