Беларусь - у цэнтры ўвагі «Форуму 2000» у Празе
- 22.10.2012, 15:09
У Празе пачаў працу традыцыйны міжнародны «Форум 2000», на гэты раз без удзелу Вацлава Гавела.
Размова на ім пойдзе і пра Беларусь, перадае «Радыё Свабода».
Урачыстае адкрыццё адбылося напярэдадні 21 кастрычніка. Перад прысутнымі выступіў брат былога прэзідэнта Іван Гавел, ён казаў пра важнасць прытрымлівацца каштоўнасцей.
Былы прэм'ер-міністр Славакіі Івета Радзічова казала пра тое, што медыя ўтвараюць «фіктыўную спрошчаную рэчаіснасць», што «людзі з-за СМІ перасталі думаць». Легендарная амерыканская спявачка Джоан Баэз выканала некалькі хітоў.
У першым пленарным пасяджэнні форуму раніцай 22 кастрычніка прынялі ўдзел некалькі сотняў чалавек, выступіў сярод іншых старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. Ён казаў, што не прымае гвалтоўных метадаў барацьбы, што дэмакратызацыя павінна наступіць без крыві, што галоўная праблема Беларусі - не ў Лукашэнке, а ў галовах людзей.
З беларусаў у форуме прымаюць удзел Аляксандр Атрошчанкаў, Вінцук Вячорка, Людміла Гразнова, Аляксандр Мілінкевіч, Алесь Лагвінец і Франак Вячорка. На форум першапачаткова быў запрошаны Алесь Бяляцкі. «Беларускія» круглыя сталы будуць прысвечаны сацыяльным сеткам і сітуацыі з медыя ў Беларусі.
Штогадовая сустрэча палітыкаў і інтэлектуалаў была ўпершыню арганізавана ў 1997 годзе па ініцыятыве тагачаснага чэшскага прэзідэнта Вацлава Гавела. Гавел, які прадугледжваў правесці толькі адну такое ўрачыстасць, заставаўся да апошняга адным з арганізатараў і мецэнатаў «Форуму 2000». Гэта першы Форум без удзелу Гавела.
Цяперашняя сустрэча, прысвечаная ўзаемаадносінам паміж СМІ і палітыкай, традыцыйна сабрала многіх вядомых людзей, сярод якіх былы дзяржсакратар ЗША Мадлен Олбрайт, былы прэзідэнт Румыніі Эміль Канстанцінеску, міністр замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг, навуковец і брат былога прэзідэнта Іван Гавел, адзін з лідэраў бірманскай апазіцыі і паплечнік Аун Сан Су Чжы – Ко Ко Джы, еўракамісар Штэфан Фюле і многія іншыя.