Fitch Ratings асцерагаецца дэфолту беларускіх банкаў
- 22.03.2012, 11:38
Рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings пацвердзіла доўгатэрміновыя рэйтынгі дэфолту эмітэнта сямі беларускіх банкаў.
Для 6 з іх - Беларусбанка, Белінвестбанка, БПС-Ашчадбанка, Белгазпрамбанка, Белзнешэканомбанк і Банка ВТБ, пацверджаны ўзровень «B» з негатыўным прагнозам, для БТА Банка ўзровень ССС.
Рэйтынг і прагноз адлюстроўваюць недахопы крэдытных магчымасцяў банкаў, беларускага аперацыйнага асяроддзя і крэдытаздольнасці Беларусі. Пагаршэнне суверэннай крэдытаздольнасці ўплывае на здольнасць дзяржавы аказваць падтрымку «Беларусбанку» і «Белінвестбанку» і яшчэ больш павялічвае рызыку абмежаванняў, якія маглі б адмоўна адбіцца на здольнасці ўсіх банкаў, у тым ліку і з замежным капіталам, абслугоўваць свае абавязальніцтвы.
На думку Fitch Ratings, якасць актываў беларускай банкаўскай сістэмы працягне пагаршацца ў кароткатэрміновай і сярэднетэрміновай перспектыве, што звязана з эканамічным і валютным крызісам 2011 года. Акрамя таго, працягнецца пагаршэнне сітуацыі з капіталізацыяй банкаў, звязанае з інфляцыяй актываў і з адтэрміноўкамі ўнёскаў капіталу, што істотна абмяжуе здольнасць банкаў абсарбаваць страты.