BE RU EN

У Бабруйску пачалося сапраўднае «цкаванне» апазіцыянераў

  • 19.04.2012, 16:28

Невядомыя распаўсюджваюць у Бабруйску ўлёткі абразлівага характару супраць актывістаў апазіцыі.

19 красавіка такімі ўлёткамі былі аблепленыя будынкі побач з месцам працы абласнога каардынатара камітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таісіі Кабанчук, перадае «Радыё Свабода».

18 красавіка ў такой сытуацыі апынулася актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіна Смірнова. Улёткамі зневажальнага характару былі запоўненыя паштовыя скрыні ў пад’ездах ейнага і суседніх дамоў.

«Тэкст на ўлётках — зневажальны і абразлівы. Выкарыстаны фотаздымак, зроблены сёлета 25 сакавіка. На дзень Волі я ў Менску трымала плякат «Свабоду палітвязням». Дык вось замест «Свабоду палітвязням» невядомыя напісалі свой тэкст, у якім увязанае тое, кім я цяпер працую, прыбіральшчыцай, з маёй грамадзкай дзейнасцю. Мае калегі былі шакаваныя і не ведалі, што рабіць. Мяне сёння на працы не было, дык яны пазрывалі гэта ўсё, павыкідалі ў сметніцу. Патэлефанавалі мне, і я пабачыла тыя ўлёткі. Хто гэта зрабіў? У мяне толькі здагадкі. Зразумела, што гэта спроба дыскрэдытаваць тых, хто ў Бабруйску праяўляе хоць якую актыўнасць напярэдадні Чарнобыльскага шляху і пасварыць актывістаў. Цяпер мы абдумваем плян сваіх дзеянняў у адказ», - сказала Таісія Кабанчук.

Паводле Галіны Смірновай, ва ўлётках супраць яе зневажаецца ўся ейная сям’я. Актывістка зазначае, што ў тэкстах з эратычнымі ілюстрацыямі згадваюцца даўно забытыя падзеі з выдуманымі высновамі. Пра тыя падзеі, кажа Смірнова, ведала абмежаванае кола людзей.

У Бабруйску гэта ня першыя выпадкі, калі актывістаў апазіцыі дыскрэдытуюць з выкарыстаннем зневажальных выпадаў. Летась невядомыя размалявалі пад’езд дома, дзе жыве Таісія Кабанчук, і навакольныя дамы таксама абразлівымі тэкстамі на адрас актывісткі. Паводле Кабанчук, тэксты былі падпісаныя абрэвіятурай «Маладога фронту».

Апошнія навіны