BE RU EN

Ярмошына прадставіла падручнікі для дурняў

  • 27.04.2012, 12:01

ЦВК выдаў падручнік па правядзенні «выбараў» з малюнкамі.

«Спосаб прадастаўлення матэрыялу, як для дурня», - растлумачыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, прадстаўляючы падручнік, паведамляе тэлеканал «Белсат».

Практычныя дапаможнікі для акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, якія ў гэтым годзе будуць працаваць на парламенцкіх выбарах, зацвердзілі на паседжанні ЦВК 26 красавіка.

Як паведаміла сябар ЦВК Надзея Кісялёва, дапаможнік для акруговых камісій складаўся такім чынам, каб ён быў «зразумелы не толькі арганізатарам «выбараў», але і іх удзельнікам». «Вельмі спадзяемся, што дапаможнік будзе спрыяць павышэнню прававой культуры ўсіх удзельнікаў «выбарчай кампаніі», а таксама зніжэнню прававых спрэчак падчас «выбараў», - падкрэсліла яна.

Лідзія Ярмошына адзначыла, што на гэты раз спосаб падачы матэрыялу запазычылі ў малдаўскіх калегаў з улікам беларускага заканадаўства. Яна падкрэсліла, што падручнік упершыню зроблены з малюнкамі: «Гэта вялікі крок наперад. Спадзяюся, мастацкае афармленне выкліча большае жаданне яго прачытаць, больш уважліва паставіцца да зместу».

«Пры падрыхтоўцы дапаможніка ўжыты выключна дзелавы дызайн, - сказала Ярмошына журналістам. - Там няма нічога такога, што выклікала б уражанне, што гэта забаўляльная літаратура. Чаму мы вырашылі разнастаіць? Ды таму, што нават самыя сур'ёзныя рэчы могуць быць пададзеныя з гумарам і досыць пацешна. Каб нашая літаратура, нашыя навучальныя матэрыялы не былі нудныя. А калі яны не будуць нудныя і зацікавяць тых, хто імі карыстаецца, мы спадзяемся, што яны будуць насамрэч прымяняцца. ...> Мы хочам, каб людзям, якія будуць працаваць у «выбарчай кампаніі», а гэта грамадскія дзеячы, якія атрымліваюць вельмі невялікія грошы за сваю працу, праца прыносіла і творчае задавальненне».

Апошнія навіны