Супрацоўнікі КДБ спрабавалі завербаваць паэта Алега Нагорнага
- 14.05.2012, 12:47
Спецслужбы пагражалі Алегу Нагорнаму крымінальнымі абвінавачваннямі ў крадзяжы і згвалтаванні ў выпадку адмовы супрацоўнічаць з КДБ.
Першая спроба вярбоўкі адбылася ўвечары 8 мая. Алегу Нагорнаму патэлефанавала дзяўчына і паведаміла, што хоча пагаварыць пра нешта «нетэлефоннае», піша сайт ПЦ «Вясна».
«Думаў, што гаворка пра жодзінскія грамадскія арганізацыі, у якіх браў некалі ўдзел, і паехаў. Хаця настаяў на сустрэчы не ў прапанаванай кватэры, а на прыпынку грамадскага транспарту. Зусім не доўга былі мы сам-насам з дзяўчынай. Хутка да размовы далучыліся хлопцы «ў цывільным» год 30-ці з афіцэрскай выпраўкай і прагай даведацца пра мае стасункі з БХД. Мне прарочылі добры патэнцыял у гэтай арганізацыі, калі я буду праяўляць больш актыўнасці, і абяцалі пры гэтым спакойнае жыццё ў абмен на інфармацыю»,- распавёў Алег Нагорны.
Ад супрацоўніцтва хрысціянін адмовіўся, у адказ на што з ім паабяцалі паразмаўляць «інакш».
11 мая да Алега Нагорнага на працу прыйшлі іншыя невядомыя ў цывільным. «Назвацца адмовіліся, пагаварыць у кабінеце таксама. Павялі ў калідор, дзе паведамілі, што ёсць дзяўчына, якая хоча напісаць заяву пра тое, што я выкраў у яе дакументы, і зробіць гэта, калі не атрымаецца дамовіцца «па-добраму». (Трэба сказаць, што напярэдадні сапраўды з нумара той самай, якая прынадзіла мяне да сустрэчы, ішлі смс-паведамленні з абвінавачаннем у крадзяжы пашпарта – відаць, рыхтавалі «доказную базу». Толькі, цікава, па якім артыкуле?) Я папрасіў назвацца і прама сказаць, што ад мяне патрабуецца, бо інакш не разумею ў чым справа, і не магу нічым памагчы. Далі часу падумаць да вечара і сыйшлі»,- распавёў паэт.
Увечары Алега Нагорнага ў суправаджэнні капітана міліцыі адвезлі ў Завадское РАУС Менска «для высвятлення абставінаў».
У аддзяленні міліцыі Алегу Нагорнаму пагражалі крымінальным абвінавачаннем у крадзяжы дакументаў дзяўчыны, якая прызначыла яму першую сустрэчу. Дзеля гэтага ў Завадское РАУС прывезлі таксама патэнцыйную «пацярпелую», якую Алег Нагорны пазней ідэнтыфікаваў праз сацыяльныя сеткі, як Кацярыну Ляшкевіч родам з горада Дзісна Мёрскага раёну.
Пазней пагражалі ўжо прыцягненнем да крымінальнай адказнасці за згвалтаванне. Размову па чарзе праводзілі міліцыянты і невядомы ў цывільным.
Апроч таго, супрацоўнікі міліцыі тэлефанавалі жонцы Алега Нагорнага і ў ягонай прысутнасці распавядалі ёй, што муж, нібыта, сустракаецца з прастытуткай.
Пасля няўдалых спробаў вярбоўкі Алега Нагорнага адпусцілі.