«Купляйце беларускае!»: Аднаразовыя кеды ад Лідскай фабрыкі (Фота)
- 13.07.2012, 10:54
Лідская абуткавая фабрыка прапануе унікальны тавар.
Сабраўшыся на футбольны турнір памяці Юрыя Шырокага, журналіст «Салiдарнасцi» выявіў, што кітайскія кеды, у якіх гуляў да гэтага пару гадоў, прадзіравіліся. Прыйшлося па дарозе заехаць у ЦУМ і абзавесціся новай парай. Заўважыўшы лозунг «Купляйце беларускае!», ён спыніў свой выбар на прадукцыі Лідскай абуткавай фабрыкі.
Увогуле ён правёў на полі 1 гадзіну (4 тайма па 15 хвілін). Гуляў у браме, у жорсткіх стыках не ўдзельнічаў, ды і наогул перагружаны не быў - абарона каманды Беларускай асацыяцыі журналістаў спыняла большасць вылазак супернікаў на далёкіх подступах. Якое ж было яго здзіўленне, калі ўжо па ходзе турніру новенькія «паўчаравікі мужчынскія ЛМ 04» (афіцыйная назва тавару, які знешне нагадвае звычайныя кеды) набылі такі вось выгляд.
Партнёры таксама нямала падзівіліся трываласці лідскага абутку. Але, паколькі турнір яны выйгралі, гэты факт стаў нязначнай лыжкай дзёгцю ў бочачцы мёду.
Жонка журналіста здала раптоўна страціўшыя прыстойны выгляд паўчаравікі у краму. Праз некаторы час быў атрыманы адказ ад вытворца, падпісаны намеснікам дырэктара па якасці:
«Дадзены дэфект у абутку з'яўляецца не вытворчым, а адбыўся ў працэсе нашэння, таму ААТ «Лідская абуткавая фабрыка» лічыць прэтэнзію неабгрунтаванай».
Ці разумелі на прадпрыемстве, ШТО напісалі? З адказу вынікае: набытыя паўчаравікі цалкам адпавядаюць стандартам, існуючым на фабрыцы. Гэта значыць, трэба разумець, для лідскага ААТ цалкам нармальна, што на выпушчаным імі абутку тканіна рвецца ўжо на працягу першай гадзіны «працэсу нашэння».
Складваецца ўражанне, што, асвоіўшы вытворчасць аднаразовых тапачак для гасцініц, на фабрыцы ўвайшлі ў густ і цяпер прапаноўваюць унікальны тавар - аднаразовыя паўчаравікі.