У менскай гімназіі забаранілі дзённікі на беларускай мове
- 10.09.2012, 13:28
Ад бацькоў патрабуюць купіць новыя дзённікі школьнікам на рускай мове.
«Дзіцяці купілі дзённік на беларускай мове, а на першай сустрэчы з класным кіраўніком дзяцей праінфармавалі: «Перадайце сваім бацькам, каб набылі дзённікі на рускай мове. Ніхто не збяднее калі патраціць яшчэ Br10 тыс.» Ці законна гэта?» - пытаецца чытач Interfax.by.
«Атрымаўшы вуснае ўказанне настаўніка гімназіі купіць другі дзённік, прыдумаў адзінае лагічнае тлумачэнне: «штодзённік» будзе выглядаць недарэчным, калі ён выдадзены на беларускай мове, а запісы ў ім робяцца на рускай», - выказаў меркаванне бацька гімназыста.
Журналісты пераадрасавалі пытанне чытача спецыялістам упраўлення адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна.
«Неяк нават і не задумваліся над тым, што гэта можа стаць праблемай. Галоўнае, каб на дзённіку была сімволіка Рэспублікі Беларусь. Быў герб, сцяг і рэзалюцыя «дапушчана міністэрствам адукацыі ... У мяне, напрыклад, дзіця пайшло ў школу з дзённікам на беларускай мове, і ўсё нармальна», - адказалі ў аддзеле дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.