BE RU EN

Менск і Масква адновяць «разбор палётаў»

  • 17.09.2012, 8:53

Мінтранс накіраваў расейскаму боку запрашэнне аб правядзенні перамоваў наконт палётаў паміж Менскам і Масквой.

Аб гэтым сёння ў Менску, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец, перадаеБелТА.

«Расейскі бок пакуль маўчыць, мы чакаем рэакцыі ў адказ ад расейскіх авіяцыйных улад», - сказаў ён.

Як паведамлялася раней, у сакавіку 2012 года Расавіяцыя адклікала дазвол на выкананне нацыянальнай авіякампаніяй «Белавія» рэгулярных рэйсаў па маршруце Менск-Масква ў летнім сезоне. З-за гэтага беларускі авіяперавозчык вымушаны быў адкласці выкананне рэйсаў Менск-Масква.

Палёты з Менска ў Маскву і назад авіяперавозчыкі дзвюх краін выконваюць у рамках міжурадавага пагаднення аб паветраных зносінах і супрацоўніцтве ў галіне паветранага транспарту ад 12 снежня 1997 года. У адпаведнасці з гэтым дакументам прадугледжваецца камерцыйны парытэт паміж расейскім і беларускім бакамі. Нязгоды паўсталі ў выніку заяўленага Расавіяцыяй жадання выконваць пяць рэйсаў па маршруце паміж Масквой і Менскам, у той час як кампанія «Белавія» летам 2012 года планавала выконваць палёты з чатырохкратнай частатой у дзень.

У выніку праведзеных перамоваў інцыдэнт быў вычарпаны, аднак, на думку кіраўніцтва Міністэрства транспарту РФ, пагадненне аб паветраных зносінах паміж Беларуссю і Расеяй, якое дзейнічае ў цяперашні час, не адказвае нормам Мытнага саюза і павінна быць мадэрнізавана. Меркавалася, што зацікаўленыя ўдзельнікі вернуцца да абмеркавання праграмы палётаў паміж Менскам і Масквой у верасні бягучага года.

Апошнія навіны