Генпракуратура адмовілася ізаляваць Ярмошыну
- 17.09.2012, 15:14
Палітолаг Уладзімір Падгол атрымаў з Генпракуратуры адказ на свой зварот, у якім ён прапануе неадкладна «ізаляваць ад выбаршчыкаў» старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну.
Сваю ініцыятыву Падгол абгрунтаваў словамі з выступлення Ярмошынай па тэлебачанню: «Большасць кандыдатаў нічога не гавораць пра патрэбы выбарчай акругі. Яны абсалютна не даводзяць да выбаршчыкаў тыя невялікія справы, якія яны будуць імкнуцца зрабіць, знаходзячыся ў «парламенце», для жыхароў невялікіх гарадоў, для раёнаў, наогул абласных цэнтраў. Ну, і для асобных акругаў горада Менска. Гэта надзённыя інтарэсы грамадзян, і гэта хвалюе іх больш за ўсё. Такое адчуванне, калі слухаеш некаторых, што мы ўдзельнічаем у выбарах прэзідэнта. Аж да таго, што глабальныя праблемы міжнародных адносін з буйнымі краінамі. Я хацела б наблізіць кандыдатаў перш за ўсё да народу. Быць прасцей. Людзі да іх пацягнуцца, і гэта будзе той самы поспех на выбарах, да якога яны імкнуцца».
Паводле ацэнкі Падгола, словы Ярмошынай супярэчаць Канстытуцыі, у прыватнасці артыкулу 97, у якім пазначана, што «палата прадстаўнікоў» разглядае па прапанове Лукашэнкі альбо па ініцыятыве не менш як 150 тыс. грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам, праекты законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб тлумачэнні Канстытуцыі; разглядае праекты законаў, у тым ліку аб зацвярджэнні асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; ваеннай дактрыны; ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дамоў; аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення праў, свабод і абавязкаў грамадзян, піша БелаПАН.
«Відавочна, што кіраўнік ЦВК публічна дэзінфармуе выбаршчыкаў падчас «выбараў» у «парламент». Лічу, што дзеянні Ярмошынай павінны быць разгледжаны праваахоўнымі органамі. Сваёй дэзінфармацыяй выбаршчыкаў яна рыхтуе зрыў «выбараў» і тым самым стварае ўмовы для непрызнання іх вынікаў сусветнай супольнасцю», - лічыць Падгол.
Паводле слоў Падгола, у Генпракуратуры выказванні Ярмошынай палічылі «асабістым меркаваннем названай службовай асобы адносна задач, якія стаяць перад прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса», а таму «падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання няма».
«Чамусьці лідэрам апазіцыі за выказванні на тэму дзяржаўнай палітыкі выносяцца афіцыйныя папярэджанні, а выказванні Ярмошынай лічаць асабістым меркаваннем. Але яна давала інтэрв'ю як старшыня Цэнтрвыбаркама, а не хатняя гаспадыня. Нейкая шызафрэнія назіраецца ў Генпракуратуры ў аналізе выказванняў», - сказаў Падгол .
Ён лічыць, што Генпракуратура проста не хоча займацца сваёй працай. «Бо старшыня ЦВК дэзінфармуе выбаршчыкаў, якія з-за занятасці не чытаюць Канстытуцыю. Яна таксама знішчае рэйтынгі тых кандыдатаў у дэпутаты, якія збіраюцца ў «парламенце» займацца дзейнасцю, пэўнай Канстытуцыяй», - лічыць Падгол.
Аналагічныя звароты Падгол 10 верасня таксама адрасаваў Аляксандру Лукашэнке і ў Канстытуцыйны суд.
Падгол таксама паведаміў, што ў адпаведнасці з рашэннем з'езду Партыі БНФ, які прайшоў 15 верасня, ужо занёс у акруговую выбарчую камісію заяву аб сваім зняцці з «выбараў».