BE RU EN

Лукашэнка праігнараваў ліст работнікаў «Уралкалію»

  • 6.11.2013, 12:15

2 лістапада мінуў месяц з таго дня, як зварот супрацоўнікаў «Уралкалію» быў дастаўлены ў адміністрацыю Лукашэнкі.

Як паведамляе партал «Медиа-Березники», у лісце, які падпісала каля 6 тысяч чалавек, бярэзнікоўскія і салікамскія калійшчыкі прасілі Аляксандра Лукашэнку прыняць меры да хутчэйшага вызвалення Уладзіслава Баўмгертнера і вырашэння сітуацыі, якая з кожным днём наносіць усё большыя страты ўзаемнаму даверу паміж Расеяй і Беларуссю.

З Менска ніякага адказу на ліст не было, хоць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» прадугледжвае, што пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаныя не пазней чым за пятнаццаць дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі, - не пазней аднаго месяца. Відавочна, беларускае заканадаўства працуе далёка не ва ўсіх выпадках.

А 11 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка, які на працягу пяці з паловай гадзін выступаў перад 80 расейскімі журналістамі з 45 рэгіёнаў РФ, пацвердзіў, што ліст ад работнікаў «Уралкалію» ён атрымаў. «Адказ мы, вядома, даць павінны, мы дамо людзям адказ, рыхтуем», - сказаў тады ён, аднак словы так і засталіся словамі. Яшчэ Аляксандр Лукашэнка заявіў тады прысутным прадстаўнікам СМІ: «Мяне парывала самога туды прыехаць, вось у гэтыя Бярэзнікі, і расказаць усю праўду, як было».

Нагадаем, што Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня і абвінавачаны па ч. 3 арт. 424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Зараз бізнесмен утрымліваецца пад хатнім арыштам.

Апошнія навіны