BE RU EN

Керымаў адмовіўся прадаваць дзель ва «Уралкаліі»

  • 6.11.2013, 19:44

Асноўны ўладальнік «Уралкалія», хутчэй за ўсё, не зменіцца, як таго хочуць беларускія ўлады.

Масгарсуд у сераду прызнаў законным завочны арышт кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгэртнэра ў Расеі. Напярэдадні стала вядома, што Генпракуратура накіравала ў Менск дакументы аб яго экстрадыцыі. Такім чынам, ужо вельмі хутка Баумгэртнэр можа вярнуцца ў Маскву. Тым часам крыніцы «Газеты.Ru» выказваюць сумнеў у тым, што Сулейман Керымаў у выніку расстанецца з пакетам «Уралкалія». Гэта галоўная ўмова, пастаўленая Аляксандрам Лукашэнкам для ўзнаўлення «калійнага» супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

Пастанова аб завочным арышце была прынятая паводле распачатай у дачыненні да Баўмгэртнэра ў Расеі крымінальнай справы (артыкул КК «Злоўжыванне паўнамоцтвамі»). Завочнае абвінавачванне Баўмгэртнэра выставілі 16 кастрычніка, яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Справу распачала Галоўная следчая ўправа Следчага камітэта РФ пасля таго, як расейскія следчыя вывучылі матэрыялы справы, перададзеныя беларускімі калегамі. У 19 тамах справы апісваліся парушэнні з боку мэнэджэрэў БКК і «Уралкалія». Разам з Баўмгэртнэрам у гэтай справе праходзілі экс-першы намеснік Беларускай калійнай кампаніі Канстанцін Саладоўнікаў «ды іншыя асобы».

Блізкія да ўрада і да «Уралкалію» крыніцы «Газеты.Ru» выказваюць сумнеў у тым, што ў выпадку вяртання Баўмгэртнэра ў Маскву яго чакае рэальны крымінальны пераслед. Гэта ўскосна пацвярджае той факт, што 31 кастрычніка Баумгэртнэр быў уключаны ў спіс кандыдатур для галасавання на выбарах у раду дырэктараў «Уралкалія».

Акрамя таго, на думку назіральнікаў, імавернасць продажу Керымавым 21,75% дзелі ва «Уралкаліі» імкліва знізілася. «Праблема ў тым ліку і ў тым, што складана знайсці пакупніка. Было вялікае жаданне ў кітайцаў, але ім не далі», - кажа суразмоўца выдання. Паводле ягоных слоў, прэзідэнт Уладзімір Пуцін, які «каротка» абмяркоўваў з Аляксандрам Лукашэнкам у канцы верасня тэму «Уралкалія» (пасля чаго Баўмгэртнэра адпусцілі са следчага ізалятара пад хатні арышт), ухіліўся ад развязання праблемы на вышэйшым палітычным узроўні.

Арышт Баўмгэртнэра стаў адказам беларускіх улад на разрыў «Уралкалія» з «Беларуськаліем» у ліпені гэтага года. Топ-мэнэджэр быў арыштаваны беларускімі праваахоўнымі органамі 26 жніўня пасля таго, як ён прыехаў у Менск на запрашэнне прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча для ўдзелу ў перамовах аб магчымым аднаўленні супрацоўніцтва «Уралкалія» і «Беларуськалія». Пасля праведзеных перамоваў Баумгэртнэр быў затрыманы ў аэрапорце Менска.

Расейскі вытворца калійных угнаенняў і «Беларуськалій» рэалізоўвалі прадукцыю праз СП «Беларуская калійная кампанія» (БКК). Беларускі калій згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі павінен быў ісці на экспарт толькі праз БКК. Расейская старана абвінаваціла беларускую ў тым, што яна прадае прадукцыю праз іншыя каналы. Лукашэнка гэта адмаўляў, аднак у снежні скасаваў эксклюзіўнае права БКК на экспарт беларускіх калійных угнаенняў.

У выніку разрыву стасункаў з «Уралкаліем» беларуская эканоміка панесла сур'ёзныя страты. Лукашэнка ацэньваў страты Менска ад канфлікту БКК і «Уралкалія» ў $1,5-2 млрд. «Беларуськалій» фактычна застаўся без асноўнага канала збыту і быў вымушаны скараціць вытворчасць.

У верасні, да прыкладу, краіна паменшыла вытворчасць калійных угнаенняў на 7,6% у параўнанні са жніўнем і на 44,5% у параўнанні з аналагічным паказчыкам мінулага года, паведамляў раней беларускі Нацыянальны статыстычны камітэт. Праблемы «Беларуськалія» крытычныя для беларускай эканомікі. Кампанія з'яўляецца асноўным пастаўніком валюты ў бюджэт краіны. Паводле вынікаў 2012 года кампанія прыносіла Беларусі амаль $270 млн у месяц і больш за $3 млрд у год.

Аднак аднаўленне супрацоўніцтва з расейскай стараной магчымае толькі ў выпадку змены ўласніка «Уралкалія», паведамляў у жніўні генеральны дырэктар «Беларуськалія» Валерый Кірыенка. Гаворка ідзе аб адным з уласнікаў «Уралкалія» - Сулейману Керымаву, ключавой постаці ў расейска-беларускім калійным канфлікце. Керымаў, стаўшы ўладальнікам «Уралкалія», хацеў купіць «Беларуськалій», але супраць выступаў Лукашэнка. «Бізнэсовец стаўся для Лукашэнкі практычна асабістым ворагам, які замахнуўся на прэзідэнцкі кантроль над ключавым актывам, а пасля разарваў стасункі з «Беларуськаліем», - сказалі «Газете.Ru» крыніцы ў Беларусі, знаёмыя з сітуацыяй.

Пасля арышту Баўмгэртнэра пачаліся перамовы аб продажы часткі пакета або ўсяго пакета Керымаву ва «Уралкаліі» (валодае 21,75% праз фонд Suleyman Kerimov Foundation). Сярод прэтэндэнтаў на куплю называліся ўладальнік АФК «Сістэма» Уладзімір Еўтушэнкаў, заснавальнік «Русснефть» Міхаіл Гуцарыеў, фінансіст Уладзімір Коган. Цікавасць да пакета праяўляў суверэнны фонд Абу-Дабі Аbu Dhabi Investment Authority пры падтрымцы РФПІ, група ОНЭКСІМ, паведамляў Bloomberg.

Не выключана, што перамовы ўвогуле былі свайго роду «дымавой заслонай» для таго, каб урэгуляваць канфлікт. «Калі экс-уладальнік кампаніі Дзмітрый Рыбалоўлеў прадаваў сваю долю [Керымаву], улады фактычна прызначылі Сулеймана Керымава кіраўніком гэтым пакетам. І калі б пытанне стаяла менавіта ў тым, каб змяніць уладальніка, Керымаў ужо даўно прадаў бы свае акцыі «Уралкалія», - кажа кіраўнік Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў. Ва «Уралкаліі» 5 лістапада адмовіліся адказваць на пытанні аб тым, ці вядуцца перамовы аб продажы пакета Керымава і хто з'яўляецца верагодным пакупніком.

Фота: Коммерсантъ

Апошнія навіны