Раман Якаўлеўскі: Пра нармалізацыю адносінаў з ЕЗ гаварыць рана
- 20.04.2013, 11:28
Умовы для нармалізацыі адносінаў паміж Менскам і Брусэлем застаюцца ранейшымі: вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў.
Так палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў пасланне Лукашэнкі «нацыянальнаму сходу» і беларускаму народу, піша udf.by.
Яно аказалася як ніколі кароткім і доўжылася ўсяго дзве з паловай гадзіны. За гэты час кіраўнік паспеў расказаць пра асноўныя напрамкі знешняй і ўнутранай палітыкі, выказацца пра прыватызацыю, спорт і медыцыну, запатрабаваў прыбраць «прыліпалаў» з сістэмы Мінадукацыі, а таксама паразважаў аб праблемах сэксуальных меншасцяў.
- Спрабуючы знайсці нешта новае ў гэтым пасланні Лукашэнкі, многія назіральнікі варажылі над сапраўдным сэнсам яго слоў і прыкметным бадзёрым настроем прамоўцы. Але калі для аналізу сказанага яшчэ спатрэбіцца некаторы час, то прычынамі бадзёрага, нават паблажлівага настрою можна назваць станоўчыя вынікі форуму ў Клайпедзе і прысутнасць практычна ўсіх еўраамбасадараў у зале, чаго не было ў апошнія гады, - адзначае Раман Якаўлеўскі.
- Лукашэнка гаспадар свайму слову: захацеў - даў, захацеў - узяў. Сёння Лукашэнка дэзавуяваў прыватызацыйныя дамоўленасці з Расеяй, у прыватнасці, па МАЗе-КамАЗе. Чаму ён пайшоў на абвастрэнне адносінаў з Масквой?
- Адносіны з расейскім кіраўніцтвам у Лукашэнкі ніколі не былі дабратворнымі. Ён заўсёды лічыўся цяжкім перагаворшчыкам. А беларускіх грамадзян заўсёды трымалі ў недасведчанасці ад сапраўднай інфармацыі наконт тых ці іншых прыватызацыйных дамоўленасцяў з Расеяй, ды і іншымі краінамі. Таму пра прычыны, як вы кажаце, дезавуявання дамоўленасцей па МАЗе-КамАЗе нам, хутчэй за ўсё, прыйдзецца даведацца ад некаторых маскоўскіх крыніц. Звычайна інфармацыя распаўсюджваецца праз ананімных крыніц і з'яўляецца ў папулярных расейскіх СМІ.
- «Ганарлівую позу» Лукашэнку забяспечвае пацяпленне беларуска-еўрапейскіх адносінаў? Напярэдадні «Беларуськалій» выкупіў за бюджэтныя грошы 30% клайпедскага тэрмінала за $30 мільёнаў і «цяпер ідзе прапрацоўка, каб яшчэ купіць пакет акцый кампаніі для «Гродна Азота» па азотных угнаеннях». Тым самым, дарэчы, Менск парушыў яшчэ адну дамоўленасць з Масквой - аб пастаўцы беларускіх калійных угнаенняў праз расейскія парты.
- Наколькі я зразумеў, пра пастаўкі праз расейскія парты гаварылася як пра намеры, а не ўжо дасягнутыя дамоўленасці. Што тычыцца Клайпедскага порта, так куплю 30 адсоткаў тэрмінала лічу дасягненнем асабіста прэм'ера Мясніковіча, які здолеў быць зразуметым і зразумелым літоўскаму бізнесу. Але да пацяплення адносінаў з астатняй Еўропай трэба, каб быў усім зразумелы не толькі прэм'ер, але і прэзідэнт, ад якога ў Беларусі залежыць усё.
- Беларусь добрасумленна выконвае свае функцыі па забеспячэнні стабільнага транзіту, барацьбе з нелегальнай міграцыяй і наркатрафікам, а «гэта добры парадак дня для пачатку нармалізацыі адносінаў з ЕЗ і Штатамі», як заявіў Лукашэнка. Ці гатовы Захад, і перш за ўсё, Еўразвяз прыняць ўмовы Лукашэнкі, які не выканаў галоўную ўмову ЕЗ для нармалізацыі адносінаў - вызваленне палітвязняў?
- Да гэтага часу я не чуў, каб умовы пачатку нармалізацыі адносінаў з Менскам у Захаду змяніліся. І пачатак працэсу нармалізацыі павінна пакласці вызваленне палітвязняў і іх наступная рэабілітацыя.
- «Я даручаю МЗС сумесна з МУС і іншымі ведамствамі стварыць прапрацаваныя прапановы па спрашчэнні візавага рэжыму з гэтымі і іншымі краінамі (Ізраіль, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі)», - заявіў Лукашэнка. Ён кажа пра пачатак нармалізацыі адносінаў з ЕЗ і Штатамі, але візавы рэжым спрашчаецца не з Еўразвязам...
- Вось гэтыя ўсе спрашчэнні візавага рэжыму павінны пачаць праяўляцца, як толькі заяўленыя даручэнні пачнуць рэалізоўвацца. На прыкладзе пагадненняў аб спрошчаным памежным руху з Польшчай і Літвой мы бачым, як нават ужо цалкам юрыдычна аформленыя дакументы могуць не выконвацца.