Расейскім чыноўнікам забаранілі мець нерухомасць за мяжой
- 22.04.2013, 9:17
Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі.
Дзмітрый Пяскоў сказаў, што «чыноўнік не павінен мець нерухомасць за мяжой». «Працуючы на дзяржаву, усё ж такі нельга мець нейкія актывы ці нейкую нерухомасць, якая патэнцыйна можа стаць зачэпкай для ціску на чыноўніка. Чыноўнікам лепш быць патрыятычнымі і ўсё ж такі стаяць дзвюма нагамі ў сваёй краіне», - заявіў ён у эфіры тэлеканала «Россия 24».
Па словах Пяскова, «нацыяналізацыя эліт» - гэта няправільны тэрмін, таму што павінна быць нацыяналізацыя грамадства, усяго грамадства», піша Lenta.ru. «Нацыяналізацыя грамадства гэта як раз павінна быць звязана з патрыятызмам, і калі чыноўнік валодае нейкімі сродкамі, то, вядома, у першую чаргу павінен адкладаць ў расейскія банкі», - заявіў прадстаўнік прэзідэнта.
Уладзімір Пуцін, мяркуючы па яго законапраектам пра абмежаванні для чыноўнікаў валодаць замежнай уласнасцю, выступае супраць забароны на нерухомасць. Ва ўсякім выпадку, згодна з яго законапраектам, чыноўнікам забараняецца валодаць толькі замежнымі рахункамі і каштоўнымі паперамі замежных кампаній. Прэм'ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў таксама выказваўся супраць забароны на замежную нерухомасць для чыноўнікаў.
19 красавіка Дзярждума прыняла законапраект аўтарства Пуціна ў другім чытанні. Чыноўнікам не толькі забаранілі валодаць акцыямі кампаній, але і любымі каштоўнымі паперамі, «якія можна сабе ўявіць», у тым ліку дарожнымі чэкамі.
Закон распаўсюджваецца на членаў урада, уключаючы прэм'ер-міністра, асобаў, якія займаюць дзяржаўныя пасады, кіраўнікоў дзяржкарпарацый, а таксама дэпутатаў Дзярждумы і членаў Савета Федэрацыі. Крыніца Reuters у Крамлі заяўляла, што мэта закона - «нацыяналізацыя эліт».
Паводле пададзеных за 2012 год дэкларацыў, замежная нерухомасць ёсць, як у членаў урада, так і ў дэпутатаў Дзярждумы з сенатарамі.