Літоўскі прэм'ер не плануе візіт у Менск
- 22.04.2013, 9:40
Прэс-сакратар Альгірдаса Буткявічуса абвяргае словы Мясніковіча аб запрашэнні прэм'ер-міністра Літвы ў Беларусь.
«Прэм'ер кажа, што не атрымліваў афіцыйнага запрашэння прыехаць у Беларусь, і планаў паехаць туды ў яго няма», - паведаміла агенцтву BNS у мінулую пятніцу Эвеліна Буткутэ-Лаздаўскене.
Між тым беларускае навінавае агенцтва БелТА раней перадало, што літоўскі прэм'ер павінен наведаць Беларусь у чэрвені, піша «Інтэрфакс».
«Мы дамовіліся з прэм'ер-міністрам, што ён прыедзе ў Беларусь у чэрвені гэтага года. Мы абмяркуем некалькі канкрэтных праектаў», - сказаў беларускі прэм'ер Міхаіл Мясніковіч.
Беларускі прэм'ер на мінулым тыдні наведаў Клайпеду, дзе прыняў удзел у арганізаваным Літоўскай канфедэрацыяй прамыслоўцаў бізнес-форуме Літвы і Беларусі.
Буткявічус, які сустрэўся з беларускім прэм'ерам, сказаў у мінулы чацвер, што чакае пацяплення ў адносінах паміж Еўразвязам (ЕЗ) і Менскам, а таксама адзначыў, што гэтаму можа спрыяць старшынства Літвы ў ЕЗ у другім паўгоддзі гэтага года.
Між тым літоўскі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус падкрэслівае, што патрабаванне ЕЗ да Беларусі вызваліць палітвязняў нікуды не знікла, а Літва чакае ад Менска прагрэсу.
«Мы будзем супрацоўнічаць, але мы чакаем прагрэсу і разумення з беларускага боку. Мы будзем старацца, каб Беларусь не аддалілася ад еўрапейскага кірунку. Бо пазіцыя ЕЗ адносна палітвязняў нікуды не знікла, адрозненні ў падыходзе і ацэнках таксама засталіся», - сказаў міністр у чацвер.
З-за рэпрэсій супраць беларускай апазіцыі ЕЗ замарозіў сродкі і забараніў ўезд у ЕЗ 243 грамадзянам Беларусі, якія прадстаўляюць органы выканаўчай і судовай улады, замарожаныя таксама рахункі 32 прадпрыемстваў.
ЕЗ чакае ад Менска вызвалення палітвязняў, спынення пераследу грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ.
Фотa: delfi.lt