BE RU EN

Лукашэнка адправіў Шведа ў судэксперты

  • 22.04.2013, 17:50

Генерал Андрэй Швед, які мае дачыненне да затрымання і расстрэлу Кавалёва і Канавалава, прызначаны старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Лукашэнка вызваліў Андрэя Шведа ад пасады першага намесніка старшыні Следчага камітэта Беларусі і прызначыў яго старшынёй Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

Як адзначае прэс-служба, Дзяржкамітэт судовых экспертыз утвараецца на базе экспертных падраздзяленняў органаў унутраных спраў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, Узброеных Сіл, Міністэрства юстыцыі, а таксама Дзяржаўнай службы медыцынскіх судовых экспертыз. Сваю дзейнасць новае ведамства пачне з 1 ліпеня 2013 года.

Нагадаем, першы намеснік старшыні Следчага камітэта генерал Андрэй Швед, які кіраваў на пасадзе намесніка Генеральнага пракурора следчай групай па справе Уладзіслава Кавалёва і Змітра Канавалава, быў узнагароджаны самай значнай узнагародай - ордэнам Айчыны ІІІ ступені.

Зміцер Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі расстраляныя ў сакавіку 2012 года.

Маладыя людзі былі прысуджаныя да смяротнага пакарання за тэрарызм. 11 красавіка 2011 года на станцыі «Кастрычніцкая» менскага метрапалітэна спрацавала магутнае самаробнае выбуховае прыстасаванне. 11 чалавек загінулі на месцы, яшчэ чацвёра памерлі ў шпіталях. Усяго пацярпела больш за 300 чалавек. Кавалёў быў асуджаны за саўдзел у тэрарызме. Па версіі следства, ён ведаў пра падрыхтоўку тэрактаў, але не паведаміў кампетэнтным органам. Кавалёў падчас суда заявіў пра сваю невінаватасць. Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны паказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, довады абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне абвінавачаных у тэракце, што, на іх думку, выглядае падазрона.

Апошнія навіны