У Брэсце знясуць гандлёвыя кіёскі
- 3.04.2013, 9:03
Гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб зносе гандлёвых кіёскаў у Брэсце.
Гэта вынікае з канцэпцыі ўпарадкавання сучасных формаў дробна-рознічнага гандлю, прынятай гарадскімі ўладамі. Згодна з графікам, распрацаваным ў гарвыканкаме, у 2012-2015 гадах у Брэсце павінны быць ліквідаваныя каля 200 невялікіх гандлёвых кропак крокавай даступнасці. Больш за ўсё, па 20 кіёскаў, знясуць на вуліцы Арджанікідзэ, у раёне пешаходнага моста праз чыгунку, а таксама на Партызанскім праспекце, паблізу гандлёвага цэнтра «Усход», піша «Вечерний Брест».
У Брэсцкім гарадскім выканаўчым камітэце тлумачаць такое рашэнне клопатам аб добраўпарадкаванні горада.
Нагадаем, Міністэрства гандлю Беларусі мае намер паэтапна ліквідаваць гандаль у кіёсках на ўсёй тэрыторыі рэспублікі. Пра гэта заявіў намеснік міністра Вячаслаў Драгун на прэс-канферэнцыі яшчэ ў канцы студзеня. «Мы лічым, што кіёскі павінны плаўна памерці», - сказаў ён.