BE RU EN

Працоўных мігрантаў будуць рассяляць па плане

  • 3.04.2013, 9:54

Толькі ў Гомельскай вобласці адмовіліся ад планаў прыцягнення замежных працоўных рэсурсаў.

У Беларусі ў 2013 годзе будуць рэалізоўвацца планы мерапрыемстваў па рассяленні замежных грамадзян, асоб без грамадзянства працаздольнага ўзросту з улікам дэмаграфічнай і эканамічнай сітуацыі ў рэгіёнах. Пра гэта паведамілі БелТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Такія планы распрацаваныя ў мэтах нарошчвання міграцыйнага сальда.

На пачатак гэтага года планы мерапрыемстваў зацверджаныя ў Менскай, Віцебскай абласцях. Гродзенскім, Брэсцкім і Магілёўскім аблвыканкамамі праекты планаў мерапрыемстваў будуць зацверджаныя ў бліжэйшы час. Гомельскім аблвыканкамам прынятае рашэнне аб немэтазгоднасці распрацоўкі плана мерапрыемстваў у сувязі з адсутнасцю патрэбнасці ў працоўных рэсурсах.

Па словах спецыялістаў, «знешняя міграцыя гуляе важную ролю ў працэсах аднаўлення колькасці насельніцтва краіны». Рэалізацыя мерапрыемстваў па рэгуляванні знешняй міграцыі накіраваная на прыцягненне ў Беларусь імігрантаў з улікам інвестыцыйнага, адукацыйнага патэнцыялу, узросту і патрэбаў рэгіёнаў у працоўных рэсурсах.

У мінулым годзе ў краіну афіцыйна прыбылі 18 тыс. 40 чалавек (у 2011-м - 17 тыс. 510) і афіцыйна выбылі 8 тыс. 712 чалавек (у 2011-м - 7 тыс. 610). Колькі беларусаў выехалі на заробкі нелегальна альбо з'ехалі па іншых прычынах, у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны не паведамілі.

Разам з тым, канстатавалі ў міністэрстве, назіраецца рост колькасці выдадзеных дазволаў на часовае пражыванне з 40 тыс. 722 у 2011 годзе да 46 тыс. 787 у 2012 годзе.

Колькасць працоўных-мігрантаў, якія ўехалі ў Беларусь для працы на аснове падпісаных дамоў і кантрактаў у мінулым годзе, склала 8 тыс. 781 чалавек (у 2011-м - 8 тыс. 434). Большасць з іх - рабочыя (4 тыс. 594) і кваліфікаваныя работнікі, спецыялісты (2 тыс. 425). Асноўныя краіны-рэцыпіенты ў мінулым годзе - Украіна (2 тыс. 854), Кітай (1 тыс. 257), Літва (904), Узбекістан (646), Турцыя (544), Малдова (491).

Апошнія навіны