Арышты ў Гомельскім гарвыканкаме
- 13.05.2013, 12:25
Гомельскі чыноўнік з кампаньёнам падазраюцца ў прычыненні шкоды больш чым на мільярд рублёў.
Як паведамляе прэс-служба КДБ, пракуратурай Гомельскай вобласці па матэрыялах Камітэта дзяржаўнай бяспекі распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да кіраўніка аддзела па кіраванні будаўнічым комплексам і жыллёвай палітыцы Гомельскага гарвыканкама і кіраўніка камерцыйнага прадпрыемства.
Чыноўнік падазраецца ў здзяйсненні злачынства па арт. 428 КК (халатнасць), яго кампаньён - па ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). У выніку незаконнага адчужэння дзяржаўнай маёмасці і яе наступнага выкарыстання не па мэтавым прызначэнні яны прычынілі шкоду УКСу Гомельскага гарвыканкама больш чым на 1 млрд. рублёў.
Для далейшага расследавання крымінальная справа перададзеная ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, у мінулым годзе ў Гомелі быў арыштаваны старшыня гарвыканкама Віктар Піліпец. Ён быў затрыманы 19 верасня 2012 года ў рамках расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб унітарнага камунальнага прадпрыемства «УКБ Гомельскага гарвыканкама».