BE RU EN

Настаўнікам даводзіцца збіраць макулатуру і бутэлькі

  • 13.05.2013, 16:22

У Клімавіцкім раёне настаўнікі вымушаныя збіраць макулатуру, металалом, пластыкавыя бутэлькі, каб выканаць план па здачы другсыравіны.

Знайсці яе ў раёне цяжка: металалом вывозяць у суседнюю Расею, а выканаць патрабаванне аб макулатуры перашкаджае тое, што людзі не выпісваюць, як раней, газет і не купляюць кніг. Вучні не маюць жадання дапамагаць настаўнікам, перадае «Радыё Свабода».

Пра тое, што клімавіцкія настаўнікі вымушаныя самі збіраць другсыравіну, паведаміў адзін з іх. Сваё імя ён папрасіў не называць. Па словах настаўніка, вучні яго збіраюць, але іх уклад у выкананне плана нязначны. Настаўнікі самі ходзяць шукаць макулатуру, металалом, пластыкавыя бутэлькі.

«Металалом ў Расеі даражэй, усё вывозіцца туды, і тут знайсці што-небудзь складана. Адшукваюцца месцы, дзе нікога не было, і выцягваецца адтуль усё, што змагло даляжаць да нашага з'яўлення. Гэта ўсё адмоўна адбіваецца і на іміджы настаўніка», - кажа выкладчык.

Ён адзначае: настаўнікі незадаволеныя, што павінны займацца гэтым. Незадаволенасць, аднак, не выходзіць за межы педагагічнага калектыву, так як адкрыта выказвацца настаўнікі баяцца:

«Знайсці працу ў раёне пасля такіх выказванняў будзе нерэальна».

У Клімавіцкім райвыканкаме пацвердзілі, што настаўнікі збіраюць другсыравіну. Па словах чыноўнікаў, яны выконваюць загад вышэйстаячых арганізацый.

Апошнія навіны