BE RU EN

Украінцы будуць атрымліваць візы ў ЕЗ паводле спрошчанай схемы

  • 15.05.2013, 18:05

Пагадненне з Еўразвязам аб спрошчаным парадку выдачы віз для грамадзян Украіны ўваходзіць у дзеянне з 1 ліпеня 2013 года.

Пра гэта на брыфінгу ў сераду ў Кіеве паведаміў выканаўца абавязкаў дырэктара Дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс, паведамляе gazeta.ua.

Як адзначыў дыпламат, у сераду ў Брусэлі ў рамках VIII пасяджэння агульнага камітэта экспэртаў рэалізацыі Пагаднення паміж Украінай і ЕЗ аб спрашчэнні афармлення віз стораны абмяняліся афіцыйнымі паведамленнямі аб сканчэнні выканання працэдур, патрэбных для ўваходжання ў дзеянне дакумента.

Перабійніс таксама падкрэсліў, што Украіна разглядае ўваход у дзеянне пагаднення як важны элемент набліжэння да ключавой мэты - увядзення Еўразвязам бязвізавага рэжыму для ўкраінцаў.

Нагадаем, 18 красавіка Еўрапарламент падтрымаў заканадаўчую рэзалюцыю, якой рэкамендаваў Радзе ЕЗ прыняць ўнясенне змяненняў у Пагадненне паміж Украінай і ЕЗ аб спрашчэнні афармлення віз.

Рада міністраў ЕЗ зацвердзіла ратыфікацыю ўзмоцненага Пагаднення 13 траўня.

Таксама адзначым, што Мытны саюз пагадзіўся даць Украіне статус назіральніка.

Апошнія навіны