BE RU EN

Міністры абароны АДКБ дамовіліся аб пашырэнні ваеннага супрацоўніцтва

  • 27.05.2013, 9:12

Пасля завяршэння пасяджэння Савета міністраў абароны АДКБ у Бішкеку кіраўнікі ваенных ведамстваў падпісалі шэраг дакументаў.

Яны накіраваныя на паглыбленне ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, перадае «Інтэрфакс».

Перад удзелам у пасяджэнні міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу правёў двухбаковую сустрэчу са сваім кыргызскім калегам генерал-маёрам Таалайбекам Амураліевым. Кіраўнікі ваенных ведамстваў абмеркавалі пытанні цяперашняга стану і перспектывы ваеннага супрацоўніцтва дзвюх краін.

У ходзе СМА АДКБ міністры абароны прадставілі адзін аднаму свае бачанні прыярытэтных напрамкаў у развіцці ваеннага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі. У завяршэнні кіраўнікі ваенных ведамстваў прынялі Пералік узораў узбраення і ваеннай тэхнікі сіл і сродкаў сістэмы калектыўнай бяспекі Арганізацыі і зацвердзілі Зборнік формаў асноўных дакументаў па арганізацыі сумесных мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі ва Узброеных сілах дзяржаў-членаў АДКБ.

У сваю чаргу міністр абароны Кыргызстана Таалайбек Амураліеў, чыя краіна старшынюе ў статутных органах АДКБ у гэтым годзе, агучыў прыярытэтныя напрамкі развіцця Арганізацыі на гэты час.

Паводле яго слоў, Бішкек будзе імкнуцца да «павышэння аўтарытэту і прэстыжу АДКБ у сусветнай супольнасці, нарошчвання ваеннага патэнцыялу дзяржаў-членаў АДКБ у сувязі з маючым адбыцца скарачэннем кааліцыйных войскаў у Афганістане».

Акрамя таго, міністр абароны Кыргызстана адзначыў імкненне «ўдасканальваць сілы і сродкі сістэмы калектыўнай бяспекі, а таксама спрыяць іх уключэнню ў склад аб'яднанай сістэмы СПА, авіяцыйных сіл і сіл спецыяльных аперацый». АДКБ таксама будзе імкнуцца да развіцця ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ў інтарэсах аснашчэння войскаў сучасным і сумяшчальным узбраеннем і ваеннай тэхнікай, а таксама да ўстанаўлення адзіных патрабаванняў да складу і структуры, тэхнічнага абсталявання, аператыўнай сумяшчальнасці войскаў дзяржаў.

У працы СМА АДКБ прынялі ўдзел міністры абароны Кыргызстана, Расеі, Казахстана, Таджыкістана, Беларусі, Арменіі, а таксама прадстаўнікі Сакратарыята і Аб'яднанага штаба АДКБ.

Апошнія навіны