Медыкі скардзяцца на няспраўнае абсталяванне
- 27.05.2013, 10:51
Лекары скардзяцца на няспраўныя апараты вентыляцыі лёгкіх у беларускіх бальніцах.
Збой у працы апарата для штучнай вентыляцыі лёгкіх стаў прычынай смерці 23-гадовай дзяўчыны і павярнуўся крымінальным пераследам супрацоўнікаў «Экамедсервіса». А між тым медыкі ўжо даўно выказвалі прэтэнзіі Міністэрству аховы здароўя, што апараты, якія закупляюцца для бальніц, няякасныя і працаваць на іх немагчыма.
Яшчэ да трагедыі з Юліяй Кубаравай медперсанал Менскага анкалагічнага дыспансера пачаў збор подпісаў пад зваротам да Міністэрства аховы здароўя. Прычына - нездавальняючая праца апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх.
- Апараты беларускай вытворчасці няякасныя, - распавяла «Салідарнасці» на ўмовах ананімнасці адна з супрацоўніц Менскага анкалагічнага дыспансера. - Збоі адбываюцца пастаянна. Гэтыя апараты проста выключаюцца на хаду - такое адчуванне, што яны жывуць сваім жыццём. Чалавек на ім дыхае, а ён раз - і вырубіўся. Вядома, мы, ведаючы такую сітуацыю, пастаянна кантралюем увесь працэс. І кожныя паўгода вымушаныя выклікаць майстроў, таму што то адзін датчык сістэмы не працуе, то другі, то яшчэ нейкія збоі…
Гаворка ідзе пра апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх «МК», вырабленыя ў Беларусі. У некаторых шпіталях ад іх ужо адмовіліся або, прынамсі, стараюцца не выкарыстоўваць, замяняючы замежнымі аналагамі.
- Яшчэ 6-7 гадоў таму нас пад лозунгам «купляйце беларускае» прымушалі набываць гэтыя сістэмы, - працягвае медык. - У выніку з 20 наяўных у нас апаратаў ШВЛ працуе толькі пяць, ды і тыя імпартныя 20-гадовай даўнасці. Мы пастаянна чакаем, калі яны вызваляцца, каб першымі «ўрваць». Здавалася б, закупіце вы замест 6 апаратаў беларускай вытворчасці парачку якасных імпартных. Але ў нас жа спрабуюць зэканоміць, хоць ніякай эканоміі на самай справе не атрымліваецца - замест адной сістэмы, якая якасная, я карыстаюся чатырма няякаснымі. Выдатак той жа самы.
Па словах суразмоўніцы, цяпер сітуацыя з закупкамі апаратаў набывае новы віток.
- Цяпер новая «фішка» - тэндэры на пастаўку абсталявання. Натуральна, не самі медыкі вырашаюць, хто гэты тэндэр выйграе. Рашэнне прыходзіць ужо зверху. А якасны прадукт зрабіла гэтая фірма ці няякасны - раз выйграла тэндэр - значыць, калі ласка, карыстайцеся. У прыватнасці, цяпер у нас выйграла тэндэр нейкая індыйская фірма. А апараты гэтыя таксама няякасныя і пастаянна ламаюцца. Вось так хтосьці дзесьці вырашыў, а нам прыходзіцца працаваць з тым, з чым нармальна працаваць немагчыма. А потым атрымліваецца, што ва ўсім вінаватыя медыкі.