BE RU EN

Беларускія праваабаронцы выступяць у ААН

  • 27.05.2013, 12:07

Брыфінг беларускіх праваабаронцаў прымеркаваны да пачатку працы чарговай сесіі Рады ААН па правах чалавека.

У Жэневу з гэтай мэтай адправіліся старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, прадстаўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, перадае «Радыё Свабода».

Яны збіраюцца распавесці аб сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі. Гэты брыфінг пройдзе перад разглядам дакладу, падрыхтаванага спецдакладчыкам па сітуацыі ў Беларусі Рады ААН Міклашам Харашці.

Прызначаны Радай ААН па правах чалавека дакладчык так і не змог трапіць у Беларусь, афіцыйны Менск адмовіўся з ім супрацоўнічаць, і нават не даў візу.

У красавіку Міклаш Харашці апублікаваў сваю першую справаздачу па сітуацыі з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі.

Харашці адзначае, што сітуацыя з палітвязнямі выклікае вялікую занепакоенасць. «Умовы іх утрымання ў турмах разам з інфармацыяй аб псіхалагічным і фізічным ціску могуць быць расцэненыя як неналежнае ўтрыманне, а часам і катаванні», - гаворыцца ў дакладзе.

Ураду Беларусі таксама рэкамендавана прыняць меры для ліквідацыі ўсіх перашкод, якія замінаюць актыўнаму ўдзелу грамадскіх няўрадавых арганізацый і апазіцыйных партый у палітычным жыцці краіны, а таксама гарантаваць бесстаронняе прымяненне законаў на практыцы.

Акрамя гэтага, афіцыйнаму Менску рэкамендавана актывізаваць работу парламенцкай групы па вывучэнні пытання смяротнага пакарання, апублікаваць вычарпальную інфармацыю па ўжо прыведзеных у выкананне прысудах і неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне з далейшай яго адменай.

Уладам рэкамендуецца таксама правесці расследаванне выпадкаў гвалтоўнага знікнення некалькіх беларускіх палітыкаў і журналіста, выпадкаў пазбаўлення ліцэнзій і пераследу адвакатаў, якія абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года; гарантаваць поўную незалежнасць судовай сістэмы і суддзяў у Беларусі.

Спецдакладчык па Беларусі заклікае ўлады гарантаваць, што ўсе затрымленыя грамадзяне будуць хутка інфармавацца пра прычыны свайго затрымання і вылучаныя абвінавачванні, а таксама мець бесперашкодны доступ да адваката. Пры гэтым рэкамендавана гарантаваць абсалютную забарону на катаванні і іншыя віды неналежнага абыходжання з затрыманымі.

У дакладзе ўтрымліваецца рэкамендацыя перагледзець і прыняць такое заканадаўства, якое «будзе абараняць мірныя сходы, у тым ліку спантанныя акцыі». Акрамя таго, лічыць аўтар дакумента, неабходна ўнесці папраўкі ў законы і практыку іх прымянення з тым, каб грамадскія арганізацыі маглі стварацца праз простую, лёгка даступную і недыскрымінацыйную працэдуру.

Беларускім уладам таксама рэкамендавана забяспечыць абарону праваабаронцаў і журналістаў ад пераследу, запалохвання і гвалту, правесці поўнае і бесстаронняе расследаванне ўсіх падобных выпадкаў.

Харашці звяртае ўвагу Рады ААН па правах чалавека на тое, што так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, паколькі беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з ім. Пры падрыхтоўцы дакладу, паведамляе спецдакладчык, у яго адбыліся сустрэчы за межамі Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыйных партый, грамадскіх арганізацый, праваабаронцамі, журналістамі.

Апошнія навіны