МЗС Літвы: Беларусь парушыла канвенцыю ААН
- 27.05.2013, 12:29
Вільня заявіла пра парушэнне Беларуссю Канвенцыі ААН аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансмежным кантэксце.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы літоўскага МЗС.
23 траўня міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што трэба прыкладаць усе намаганні для забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў суседніх краінах пры правядзенні праектаў у галіне ядзернай энергетыкі, а таксама строга прытрымлівацца міжнародных патрабаванняў па ахове навакольнага асяроддзя.
«Міністэрства замежных спраў нагадвае, што Расея і Беларусь не правялі працэдур па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў адпаведнасці з патрабаваннямі Канвенцыі Эспо Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Тым не менш, вядуцца інтэнсіўныя будаўнічыя працы, што з'яўляецца істотным парушэннем прынятай Канвенцыі Эспо», - адзначаецца ў паведамленні МЗС Літвы.
Нагадаем, пасля амаль двухгадовага даследавання сітуацыі, Камітэт па ажыццяўленні Канвенцыі Эспо 15 красавіка 2013 года апублікаваў даклад, у якім канстатуецца, што Беларусь парушыла палажэнні Канвенцыі. Камітэт настойліва заклікаў Беларусь прадставіць падрабязныя адказы на ўсе пытанні літоўскага боку і прыняць да ўвагі заўвагі экспертаў, а таксама даць магчымасць літоўскаму грамадству прад'явіць свае заўвагі па пытанні будаўніцтва АЭС.
Літва не ўхваляе планы Менска пабудаваць атамную электрастанцыю ў Астравецкім раёне, побач з мяжой Літвы, на адлегласці 50 кіламетраў ад Вільні. Вільня не раз сцвярджала, што праект Беларускай АЭС выклікае сумневы ў сувязі з уздзеяннем на навакольнае асяроддзе і не адпавядае патрабаванням міжнародных канвенцый.