МЗС Беларусі накіраваў ноту Ізраілю
- 27.05.2013, 15:17
Беларусь прапанавала Ізраілю падрыхтаваць да падпісання пагадненне аб кароткатэрміновых бязвізавых паездках для грамадзян дзвюх краін.
27 траўня ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Аляксандра Астроўскага і начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС Беларусі Ігара Ляшчэні з амбасадарам дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Іосіфам Шагалам.
У ходзе сустрэчы амбасадару дзяржавы Ізраіль была перададзеная нота з прапановай падрыхтаваць да падпісання пагадненне аб кароткатэрміновых (тэрмінам на 30 дзён) бязвізавых паездках для грамадзян дзвюх краін.
Узаемная адмена віз зробіць не толькі больш даступнымі для беларусаў святыя месцы, звязаныя з узнікненнем і гісторыяй трох сусветных рэлігій, наведванне сваякоў, але і дазволіць нашай краіне стаць больш адкрытай для ізраільцян, паведамляе прэс-служба МЗС.
У Ізраілі пражывае больш мільёна ўраджэнцаў былога СССР, у тым ліку каля 120 тысяч выхадцаў з Беларусі.
Пра магчымую адмену віз паміж Беларуссю і Ізраілем заяўлялася яшчэ ў 2012 годзе.