Андрус Кубілюс: Літва павінна супраціўляцца будаўніцтву АЭС у Астраўцы
- 27.05.2013, 15:53
Літва не можа ператварацца ў закладніцу энергетычных амбіцый суседніх дзяржаў.
«У мінулую пятніцу Літва атрымала важную вестку аб тым, што «Расатам» вырашыў перагледзець планы будаўніцтва калінінградскай АЭС, бо да гэтага часу няма адказаў на тое, дзе будзе прадавацца вырабленая станцыяй электраэнергія і як сама электрастанцыя будзе падключаная да расейскіх электрасетак», - адзначыў у панядзелак лідар апазіцыі ў Сейме краіны і былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.
Паводле яго слоў, хоць паведамляецца, што намячаецца перапланаваць станцыю і ўсталяваць на ёй рэактары меншай магутнасці, «гэта наўпрост азначае прыпыненне праекта калінінградскай АЭС на неабмежаваны тэрмін», перадае ru.delfi.lt.
«Ранейшая катэгарычная лінія паводзінаў Літвы - не пагаджацца з гэтым праектам - па сутнасці сябе апраўдала. Літва можа спадзявацца на тое, што не ператворыцца навекі ў закладніцу энергетычных амбіцый Расеі і небяспечнай энергетычнай экспансіі. Літва і далей павінна паслядоўна супраціўляцца будаўніцтву небяспечных АЭС у Калінінградзе і Астраўцы», - каментаваў сітуацыю лідар апазіцыі.
Нагадаем, кіраўнік «Расатама» Сяргей Кірыенка даручыў праекціроўшчыкам Балтыйскай АЭС разгледзець магчымасць размяшчэння на Балтыйскай пляцоўцы рэактараў малой і сярэдняй магутнасці.
Замест двух рэактараў па 1150 мегават, могуць быць усталяваныя рэактары 640 мегават (тыпу ВВЕР-вада-вадзяны рэактар пад ціскам) і ў 40 мегават (тыпу КЛТ-40С, якія ўсталяваныя на падлодках).
Па дадзеных СМІ, цяпер гаворка ідзе пра тое, што спачатку павінна быць разгледжаная магчымасць укаранення рэактараў малой магутнасці, а буйныя рэактары будуць эксплуатавацца ў тым выпадку, калі будуць створаныя магчымасці для продажу электраэнергіі. Аднак, па дадзеных крыніц, вытворчасць рэактараў магутнасцю 1150 мегават працягваецца.
Як паведамлялася раней, Балтыйская АЭС – атамная станцыя, якая будуецца ў Калінінградскай вобласці Расеі. Планавалася, што яна будзе складацца з двух энергаблокаў агульнай магутнасцю 2300 МВт. Увод у дзеянне першага энергаблока запланаваны на 2016 год, другога - на 2018 год. Будаўніцтва ацэньваецца ў 5 млрд. еўра.
Асноўная мэта будаўніцтва станцыі - надзейнае энергазабеспячэнне вобласці. Пасля ўводу АЭС у эксплуатацыю, рэгіён ператворыцца з энергадэфіцтнага ў энергазалішні. Аднак для экспарту электраэнергіі ў Балтыйскія краіны, Польшчу, Германію трэба мадэрнізаваць інфраструктуру ЛЭП.