Шведы праляцяць над Беларуссю на ваенным самалёце
- 27.05.2013, 16:42
Назіральны палёт місіі Швецыі і Даніі над тэрыторыяй Беларусі адбудзецца з 27 па 31 траўня.
Ён будзе праведзены на самалёце назірання SAAB-340 у рамках Дамовы па адкрытым небе. Мэтай назіральнага палёту з'яўляецца ажыццяўленне кантролю ваеннай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі і Расеі, паведамляе прэс-служба Мінабароны.
Самалёт назірання адносіцца да класа лятальных апаратаў, не прызначаных для аснашчэння якім-небудзь узбраеннем, усталяваныя на ім тэхнічныя сродкі прайшлі неабходны міжнародны агляд. Падобныя палёты праводзяцца рэгулярна.
«Мэтай інспекцыі з'яўляецца пацвярджэнне адсутнасці ў вызначаным раёне ваеннай дзейнасці, якая падлягае папярэдняму паведамленню ў адпаведнасці з палажэннямі Венскага дакумента 2011 года», - гаворыцца ў паведамленні Мінабароны.
У рамках Венскага дакумента 2011 года аб мерах умацавання даверу і бяспекі з 27 па 30 траўня інспекцыйная група Беларусі правядзе інспекцыю раёна на тэрыторыі Фінляндыі.