Жэтоны ў метро можна купіць па бескантактавых картках
- 27.05.2013, 17:08
У менскім метро цяпер можна купіць жэтоны і праязныя квіткі, выкарыстоўваючы бескантактавыя банкаўскія карткі.
Аплатныя тэрміналы з адпаведнымі функцыямі нядаўна паставіў «БПС-Ашчадбанк» у касах усіх станцый.
Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Менск-Навіны» паведаміў намеснік начальніка службы руху КУП «Менскі метрапалітэн» Ігар Дадалка.
Раней у метро функцыянавалі прылады, падобныя тым, што размешчаныя на касах у крамах: каб з іх дапамогай аплаціць куплю або паслугу, трэба правесці карткай або ўставіць яе ў тэрмінал. Цяпер купіць жэтон ці праязны ў падземцы можна, толькі паднясучы банкаўскую картку да ПІН-паду, не аддаючы яе ў рукі касіра. Праўда, адзначаюць спецыялісты, у менчукоў бескантактавых банкаўскіх картак пакуль мала, у асноўным імі карыстаюцца замежныя грамадзяне, але паступова і жыхары сталіцы адчуюць перавагу падобнага варыянту аплаты праезду.
Наступны этап укаранення новых тэхналогій у метрапалітэне, па словах І. Дадалкі, дазволіць купляць жэтоны і праязныя з дапамогай мабільных тэлефонаў, аснашчаных спецыяльнай прыладай ці сім-карткай з чыпам.