BE RU EN

Украінскія кандытары: Блакада з боку Беларусі захоўваецца

  • 27.05.2013, 19:44

Беларусь захавала абмежаванні на продаж украінскіх цукерак у гандлёвых сетках.

Пра гэта паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Україна» прэзідэнт асацыяцыі «Укркандпрам» Аляксандр Балдынюк.

Паводле ягоных слоў, беларускія арганізацыі гандлю, згодна з распараджэннем улады, могуць рэалізоўваць не больш за 15% імпартных кандытарскіх вырабаў.

«Праблемныя пытанні што да гандлю пакуль захоўваюцца. Паводле стану на сёння мы не бачым разблакавання і спадзяемся, што ўсё ж такі Беларусь спыніць ціск на гандаль», - адзначыў А.Балдынюк.

Ён дадаў, што ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася беларускія кампаніі скарачаюць колькасць заявак на пастаўку ўкраінскіх кандытарскіх вырабаў.

«За апошні тыдзень-паўтары аднаўляецца (экспарт кандытарскіх вырабаў у Беларусь). У той жа час нам далёка да папярэдніх штомесячных паказчыкаў проста таму, што нашы імпарцёры скарацілі закупкі прадукцыі», - сказаў А.Балдынюк.

Ён адзначыў, што пакуль Украіна канчаткова не ўрэгулюе гэтае пытанне з Беларуссю і не выпрацуе механізм аператыўнага развязання такіх сітуацый, украінскім вытворцам будзе складана ўтрымаць пазіцыі на гэтым рынку.

Нагадаем, з пачатку красавіка экспарт з Украіны ў Беларусь практычна ўсіх відаў кандытарскіх вырабаў не праводзіўся праз прыпыненне беларускімі мытнымі службамі афармлення папер і пропуску праз мяжу. Паводле звестак «Укркандпрама», на ўкраінскую кандытарскую прадукцыю накладзены ўзмоцнены мытны кантроль, які дазваляў затрымліваць груз на мытні да 20 дзён з магчымасцю падаўжэння гэтага тэрміну. Паводле ацэнак асацыяцыі, праз праблемы з пастаўкамі прадукцыі ў Беларусь украінскія кандытары губляюць 40-50 млн грн у месяц.

Як паведаміў 22 траўня намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка падчас 22-га пасяджэння міжурадавай украінска-беларускай камісіі ў пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, стораны разлічваюць цягам месяца ўрэгуляваць пытанне аб пастаўках украінскай кандытарскай прадукцыі.

Апошнія навіны