BE RU EN

Міклаш Харашці прадставіць даклад аб Беларусі 4 чэрвеня

  • 27.05.2013, 20:10

У Жэневе прайшоў брыфінг беларускіх праваабаронцаў, прымеркаваны да пачатку працы чарговай сесіі Рады правоў чалавека ААН.

Мерапрыемства выклікала вялікую цікавасць, паведамляе «Радыё Свабода».

У складзе беларускай дэлегацыі знаходзяцца старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак, прадстаўніца праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Равяка, юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

«Гэты брыфінг выклікаў даволі вялікую ўвагу. На ім прысутнічала больш за 50 чалавек — прадстаўнікі розных краінаў: і з краін Еўразвязу, і з іншых частак свету. Былі, у тым ліку, і амбасадары. Нам было важна данесці да іх інфармацыю аб актуальнай сітуацыі і прыцягнуць іх увагу да рэальных болевых кропак. Гэта адсутнасць рэальных механізмаў для ўзнаўлення правоў, наяўнасць палітвязняў і адсутнасць свабоды выказванняў і меркаванняў. Мы адзначылі, што было б вельмі добра, каб у рэзалюцыі, якая будзе прынятая 6 чэрвеня, мандат спецдакладчыка быў працягнуты. Мы таксама выказалі падтрымку дакладу спецдакладчыка і адзначылі, што ён вельмі аб’ектыўны і вельмі дакладна перадае тую сітуацыю, якая на сёння склалася ў краіне», - сказала Таццяна Равяка.

Яна паведаміла, што справаздача спецдакладчыка аб Беларусі Рады ААН Міклаша Харашці будзе пададзены 4 чэрвеня. Ці будуць падчас прэзентацыі прысутнічаць прадстаўнікі беларускіх уладаў - невядома.

«Мы выказваем надзею, што калі гэты мандат будзе захаваны, то ён паспрыяе супрацоўніцтву. Таму што немагчыма ўвесь час вінаваціць у тым, што ёсць двайныя стандарты, ёсць няправільнае ўспрыманне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і, разам з тым, не пускаць у краіну спецдакладчыка для ацэнкі гэтай сітуацыі. Мы спадзяемся, што калі гэты мандат будзе працягнуты, то беларуская старана зробіць гэты крок - адкрые дзверы для спецдакладчыка, каб у выніку ў гэтым дакуменце, які стане даступным ўсяму свету, было адлюстравана і бачанне афіцыйнай стараны», - сказала Таццяна Равяка.

Апошнія навіны