BE RU EN

Вікторыя Азаранка: Віно не люблю, чытаю не шмат

  • 13.06.2013, 9:51

Беларуская спартсменка адказала на пытанні сваіх прыхільнікаў.

Падпісанты старонкі другой ракеткі свету Вікторыі Азаранкі ў «Твітэры» цікавіліся яе ўражаннямі ад турніру ў Парыжы і асабістымі перавагамі, піша «Советский спорт».

- Як табе Парыж?

- Надвор'е не вельмі добрае. А так - мяне ўсё задавальняе.

- Roland Garros - твой любімы турнір?

- Не, больш па душы Australian Open. Напэўна, таму што я там перамагала.

- Як знаходзіш матывацыю развівацца?

- Мне важна адчуваць, што я не дарма трэніруюся, тым больш мне ёсць куды расці.

- На якой мове думаеш падчас матчаў?

- Цяжка сказаць. На рускай размаўляю з сабой, лаю сябе, а на англійскай успамінаю словы трэнера. Нейкая сумесь атрымліваецца.

- Дарэчы, пра мовы. Як ты вучыла англійскую?

- З задавальненнем! - ахвотна распавядае Азаранка. - Глядзела серыял «Сябры» на англійскай з субтытрамі, запамінала фразы. Дарэчы, Джэніфер Эністан з тых часоў - мая любімая актрыса.

- «Сябры» - любімае кіно?

- Адно з. Аднак любімы фільм - «Рок-н-рольшчык» Гая Рычы. Магу назваць яшчэ і дыснэеўскі мультфільм «Том і Джэры».

- Твая любімая кніга?

- Я не так шмат чытаю ... Што цяпер у маёй скрыні? - Азаранка раптам дастае важкі том. - «Сакрэты корта» Нэйла Хармана - аповяд аб нашым закуліссі.

- У якой краіне марыла б пабываць?

- У Бразіліі. Але адразу пасля Roland Garros паеду ў Менск, пра што не шкадую.

- Ты натуральная бландынка?

- Валасы крыху асветленыя, - чырванее Азаранка і выбухае смехам. - Але наогул, я рэальная сімпатычная бландынка.

- Чаму аддаеш перавагу: піву ці віну?

- Ні тое, ні іншае. Мне больш падабаецца вада.

Нагадаем, у панядзелак 10 чэрвеня беларуска паднялася на адзін радок у рэйтынгу WTA і стала другой ракеткай свету.

Першая ракетка свету амерыканка Серэна Уільямс стала пераможцай адкрытага чэмпіянату Францыі. У фінальным матчы яна ў двух сэтах перамагла расеянку Марыю Шарапаву.

Апошнія навіны