BE RU EN

«Шэрыя» таямніцы Мытнага саюза

  • 13.06.2013, 10:01

Расейскія СМІ ўспамінаюць пра тое, як Менск спрабаваў падмануць Маскву.

Выданне «Коммерсант» піша пра гэта ў сувязі з апошнім скандалам, звязаным з вывадам капіталу праз нашу краіну.

У лютым 2005 года Беларусь была западозраная ў рээкспарце ў Расею цукру з трэціх краін пад выглядам уласнага. Па двухбаковай дамове цукар, выраблены беларусамі з уласных буракоў, не абкладаецца імпартнай пошлінай. Расейскія вытворцы сцвярджалі, што Менск увозіць у краіну больш, чым вырабляе на ўласных заводах. З 2006 года Мінэканамразвіцця РФ абмежавала ўвоз беларускага цукру, пераклаўшы яго на адзіны мытны пост з абавязковай праверкай паходжання тавару.

У сакавіку 2007 года Мінсельгас РФ паведаміў пра «сур'ёзныя прэтэнзіі» да паставак свініны з Беларусі. Па дадзеных міністэрства, у 2006 годзе праз тэрыторыю Беларусі з Польшчы было рээкспартавала каля 40 тыс. тон мяса. Міністр Аляксей Гардзееў прыгразіў абмежаваннямі на гандаль свінінай, калі Менск не прыме меры па спыненні нелегальных паставак. У траўні Мінсельгас паведаміў, што ўрад Беларусі прыняў меры па выключэнні нядобрасумленных аператараў з рынку.

У лютым 2012 года «Саюзмалако» звярнулася ў Мінсельгас РФ з патрабаваннем спыніць пастаўкі сухога малака з Беларусі. Як гаварылася ў іх лісце, заніжаныя беларускія кошты сведчылі пра пастаўкі па «шэрых заліковых схемах». Канфлікт быў уладжаны, калі беларускі бок пагадзіўся скарэктаваць кошты і аб'ёмы паставак.

У чэрвені 2012 года віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч даручыў разабрацца з рэзкім ростам беларускага экспарту растваральнікаў, атрыманых з расейскай нафты, якая пастаўляецца ў рэспубліку. Масква западозрыла, што Менск пад выглядам растваральнікаў, якія не абкладаюцца пошлінай, пастаўляў на Захад нафтапрадукты. Страты расейскага бюджэту ад схемы ацэньваліся ў $1,5-2 млрд. Дамагаючыся спынення нелегальнага гандлю, Масква знізіла пастаўкі нафты ў краіну ў чацвёртым квартале 2012 года, а са студзеня перайшла на штоквартальнае ўзгадненне аб'ёму паставак замест штогадовага.

Апошнія навіны