BE RU EN

«Хатняе» мяса вернецца на рынкі

  • 13.06.2013, 10:26

У ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян унясуць змены.

Чаму абураліся сяляне і прадпрымальнікі?

Паўгода хваляванняў і паўтара месяца пакут спатрэбіліся ўладальнікам асабістых падсобных гаспадарак, перакупшчыкам і прадаўцам на рынках, каб на ўзроўні прэм'ер-міністра было прынятае рашэнне аб пераглядзе ветэрынарна-санітарных правілаў. Дакумент, зацверджаны Мінсельгасхарчам у пачатку студзеня 2013 года, фактычна паставіў крыж на адладжаным бізнесе. Эфектыўна дзеючы ланцужок «сялянская гаспадарка - пасярэднік (калі ён ёсць) - рынак» падаўжэў, піша «Інтэрфакс».

«З мэтай забеспячэння ветэрынарнага дабрабыту» забой буйной і дробнай рагатай жывёлы, свіней, коней для наступнай рэалізацыі мяса і прадуктаў забою трэба было праводзіць у арганізацыях, якія ажыццяўляюць дзейнасць па забою сельскагаспадарчых жывёл. Гэта значыць, у бойнях.

Мінсельгасхарч аргументаваў увядзенне новай нормы неабходнасцю адпавядаць еўрапейскім патрабаванням забеспячэння ветэрынарнага дабрабыту. І абяцаў, што кошт мяса на рынках істотна не павялічыцца. Кошты ўсё ж павялічыліся. А таксама пагоршылася якасць тавару: рынкі апанавалі прадаўцы, якія набываюць гатовыя паўтушы на свінакомплексах. Акрамя таго, не варта забываць, што, у выпадку забою свіней на бойні, сала апарваецца, з яго здзіраюць «шкурку». Словам, відавочная засцярога ў шкоду запытам спажыўцоў.

Поўны правал нядрэннай ідэі

Ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян павінны былі ўступіць у сілу ў студзені, аднак тэрмін перанеслі на 1 траўня. Галоўная прычына - не, не незадаволенасць прыватнікаў, а недастатковая колькасць забойных цэхаў.

У траўні на нарадзе ва ўрадзе прадстаўнікі Белкаапсаюза і Мінсельгасхарча пацвердзілі магчымасць арганізацыі забою жывёл у 147 цэхах забою, у тым ліку ў 83 цэхах спажывецкай кааперацыі па ўсёй Беларусі. Гэтага, вядома ж, мала - прэм'ер-міністр даручыў Белкаапсаюзу актывізаваць працу па стварэнні пунктаў і цэхаў забою жывёлы. Але, у любым выпадку, як бы ні стараліся «кааператары», а факт у наяўнасці: шчасны пераход да «еўрапейскага» парадку вытворчасцi мяса праваліўся.

Ветэрынарныя правілы: перазагрузка

З прэс-службы ўрада 11 чэрвеня прыйшла абнадзейлівая вестка: «хатняе» мяса на прылаўкі, магчыма, неўзабаве вернецца. Паколькі прэм'ер-міністр РБ Міхаіл Мясніковіч не толькі адзначыў недастатковую работу Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і аблвыканкамаў па пытаннях арганізацыі забою сельскагаспадарчых жывёл, але і прыняў меры па выпраўленні сітуацыі з забоем жывёлы.

Кіраўнік урада падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім Мінсельгасхарчу даручана ўнесці змены ў ветэрынарна-санітарныя правілы ўтрымання прадуктыўных жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян. Што прапануецца? Фермерскім (сялянскім) і асабістым падсобным гаспадаркам грамадзян зноў будзе дадзенае права самастойна ажыццяўляць забой сельскагаспадарчых жывёл - «пры ўмове захавання ветэрынарна-санітарных правілаў». Акрамя таго, забой павінен ажыццяўляцца пад кантролем ветэрынарнага ўрача з абавязковым правядзеннем ветэрынарна-санітарнай экспертызы.

Плануецца, што будзе рэалізаванае патрабаванне па арганізацыі аператыўнага выезду ў фермерскія, сялянскія і асабістыя падсобныя гаспадаркі ветэрынарных спецыялістаў для правядзення клінічнага агляду жывёл з выдачай ветэрынарных суправаджальных дакументаў.

Тым, хто ўсё ж будзе дзейнічаць па схеме, прапанаванай Мінсельгасхарчам у 2013 годзе, таксама абяцаныя паслабленні. Белкаапсаюзу сумесна з аблвыканкамамі даручана прыняць рашэнне аб зніжэнні не менш чым на 20% кошту паслуг за забой і транспарціроўку сельскагаспадарчых жывёл, а таксама прыняць дадатковыя меры па павелічэнні колькасці пунктаў забою жывёлы, прадугледзеўшы іх у кожным аграгарадку.

Засталося дачакацца, калі даручэнне прэм'ер-міністра ўвасобіцца ў дакументах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. А таксама высветліць, ці не абяцаюць будучыя новаўвядзенні новых цяжкасцяў для сельгасвытворцаў і прадаўцоў.

Апошнія навіны