Віцебскіх актывістаў не пусцілі на ўласны суд
- 13.06.2013, 11:20
Віцебскіх апазіцыянераў не пусцілі ў суд на разгляд іх касацыйных скаргаў з-за судовага працэсу па «шпіёнскай справе».
Сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і старшыня віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў прыйшлі на разгляд сваіх касацыйных скаргаў у Віцебскі абласны суд. Далей першага паверха іх не пусцілі, так як там пачынаўся закрыты працэс па «шпіёнскай справе» Андрэя Гайдукова. У задавальненні скаргаў актывістам адмовілі і праз 15 хвілін выставілі за дзверы, паведамляе ПЦ «Вясна».
«Мы прыйшлі да 9.30, нас абшукалі, праверылі металашукальнікам і запрасілі ў залу на першым паверсе. Суддзя Ірына Смалякова ўсё вырашыла вельмі хутка: у задавальненні скаргі адмовіць, пакаранне - штраф у 2 мільёны - пакінуць у сіле, рашэнне Кастрычніцкага суда, які аштрафаваў мяне як удзельніка несанкцыянаванага пікету ў дзень гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, - вернае. Маіх аргументаў аб тым, што я не пікетаваў, а проста выказваў сваё меркаванне аб недапушчальнасці будаўніцтва АЭС у Беларусі, суд і не заўважыў. Хоць я проста скарыстаўся сваім канстытуцыйным правам на свабоду выказвання сваіх думак», - распавёў Ян Дзяржаўцаў.
Размова аб правах адбылася з суддзёй і ў Леаніда Аўтухова. Ён збіраўся аспрэчыць рашэнне Кастрычніцкага раённага суда, дзе яго абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. Аднак да разгляду абставінаў так і не дайшло, кажа Аўтухоў:
«Суддзя адразу пачала распытваць пра маю справу. А я папрасіў, каб мне далі перакладчыка або каб суддзя гаварыла па-беларуску. Тут Ірына Смалякова дастала са справы копію майго школьнага атэстата і заявіла, што я там вывучаў рускую мову. Адпаведна, перакладчыка мне не трэба. Тое, што я магу не так зразумець яе пытанні, суддзю не турбавала. Тады спытаўся я: чаму ў самым пачатку яна не абвясціла мае правы, у тым ліку і на карыстанне роднай мовай, і на ўдзел перакладчыка ў працэсе. Але Ірына Смалякова сказала, што я, маўляў, у судах бываю тры разы на месяц, і таму свае правы і так добра ведаю. Што тут скажаш? Я папрасіў прабачэння і выйшаў з залы. Рашэнне аб адхіленні касацыйнай скаргі гучала ўжо без мяне».
Ведаючы, што ў абласным судзе павінна разглядацца справа Андрэя Гайдукова, якога абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», актывісты паспрабавалі патрапіць на працэс. Але іх не пусцілі нават падысці да лесвіцы на другі паверх: міліцыянты з аховы, якой было больш, чым звычайна, сказалі, што працэс закрыты. І выставілі абодвух за дзверы. Тут актывісты сталі сведкамі, як нахабна супрацоўнікі міліцыі паводзілі сябе з іншымі жадаючымі трапіць у суд: перашкаджалі працаваць журналістам, штурхалі дзяўчат, пагражалі ўсіх адправіць у пастарунак за парушэнне правапарадку.
Нагадаем, суд над палітвязнем Андрэем Гайдуковым пачаўся ўчора. Пра тое, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Андрэя Гайдукова судзяць у Віцебскім абласным судзе. Актывіст апазіцыі быў этапаваны ў абласны цэнтр некалькі дзён таму. Яго сваякам адмовілі ў сустрэчы з ім.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Праваабаронцы і актывісты апазіцыі лічаць гэта абвінавачванне бессэнсоўным.
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Пераслед Андрэя Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.