BE RU EN

The Washington Post пасмяялася над «нязграбнай англійскай» Пуціна

  • 13.06.2013, 13:27

Расейскі прэзідэнт «дзіўна» выглядаў, калі вымаўляў апошнюю прамову па-англійску.

«Уладзімір Пуцін ведае, як прыцягнуць да сябе ўвагу. Не, ён не паўтарыў свой палёт на дэльтаплане са стэрхамі, на гэты раз кіраўнік расейскай дзяржавы проста звярнуўся да дэлегатаў 153-й Генеральнай асамблеі Міжнароднага бюро выстаў, прадстаўляючы сваю краіну ў якасці кандыдата на правядзенне «Экспа-2020», - з іроніяй піша амерыканская газета The Washington Post.

Пуцін гаворыць па-англійску «трохі нязграбна», адзначае выданне. У артыкуле гаворыцца, што гэта выглядае неяк дзіўна для тых, хто прывык бачыць Пуціна ў старанна падтрымоўваным ім вобразе «сапраўднага мужчыны».

«Спадарыні і спадары, я рады вітаць удзельнікаў і гасцей Генеральнай асамблеі Міжнароднага бюро Выстаў», - так пачаў сваю прамову расейскі прэзідэнт, які напружана ўглядаўся ў тэлесуфлёр і рабіў акцэнт на кожным слове. Пры гэтым на твары прэзідэнта ясна чыталася моцнае напружанне, якое ён адчувае ад такога нялёгкага занятку - гаварыць па-англійску. Відэа выступлення Пуціна і яго пераклад апублікаваныя на сайце Крамля.

Прамова Пуціна апынулася кароткай. Адзначыўшы, што ў Расеі даўні і багаты вопыт удзелу ў руху «Экспа», але пры гэтым краіна ні разу не прымала падобныя выставы ў сябе, ён падкрэсліў, што «прыйшоў час папоўніць гэты прабел», піша NEWSru.com. Расейскія ўлады плануюць правесці мерапрыемства ў 2020 годзе, калі заяўка будзе адобраная, у Екацярынбургу.

The Washington Post нагадвае, што Пуцін не ўпершыню вымаўляе афіцыйную прамову на англійскай мове. Так, у 2007 годзе, будучы прэм'ер-міністрам, Пуцін прадставіў заяўку Расеі на правядзенне зімовай Алімпіяды 2014 года. Ён вымавіў сваю прамову па-англійску з прыкметным нямецкім акцэнтам, а ў канцы выступлення нечакана перайшоў на французскую.

Амерыканскае выданне адзначае, што шэсць гадоў таму Пуцін выглядаў больш расслабленым, калі гаварыў па-англійску.

Апошнія навіны